Слаўгарадская зямля багатая на таленавітую, творчую, крэатыўную моладзь. Поспехі яе прадстаўнікоў на ўсемагчымых алімпіядах, конкурсах, іншых медыяпляцоўках ствараюць станоўчы імідж нашаму краю, робяць яго цікавым для беларускага, замежнага кам’юніці.
Зусім нядаўна вучаніца Свенскай сярэдняй школы Яна ГАРЭЛІКАВА яскрава прадэманстравала, што працавітасць памножаная на ўседлівасць даюць у выніку веды, базу для самаразвіцця. Мы ўжо казалі на старонках раёнкі пра поспехі Яны на раённым, абласным узроўнях. Зараз гэтай сціплай на выгляд, але безумоўна адоранай дзяўчынай быў узяты ўзровень рэспубліканскі.
Так, менавіта ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове наша зямлячка перамагла і атрымала Дыплом першай ступені.
А дапамагала ёй настаўнік, рэпетытар і, што галоўнае, маці – Ніна Гарэлікава. Разам гэты дуэт завітаў да нас, і мы некалькі хвілінак паразмаўлялі.
– Яна, як гэта – быць першай на рэспубліканскім узроўні?
– Вельмі прыемна і адказна ў той жа час. Але напруга знікла, вынік запланаваны дасягнуты.
– Як праходзіла алімпіяда, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне?
– Пытанням бяспекі пры арганізацыі алімпіяды надавалася вялікая ўвага. Арганізатары, на мой погляд, зрабілі ўсё, каб мінімізаваць рызыку заражэння: для нашай каманды быў арганізаваны асобны транспарт, пражывалі – па аднаму ў пакоі інтэрната каледжу ў Маладзечне. Нават ежу нам разносілі па пакоях. Выключалася любая магчымасць паставіць пад пагрозу здароўе ўдзельнікаў алімпіяды. Падчас выканання заданняў мы таксама вытрымлівалі дыстанцыю адзін ад аднаго.
– Цяжкія заданні? Ці можна было знайсці адказы ў альтэрнатыўных крыніцах, не маючы адпаведных ведаў у галаве?
– Калі Вы пра магчымасць спісаць – не. Заданні станавіліся вядомымі пры нас: іх спецыяльнай службай дастаўлялі, адкрывалі канверт на нашых вачах. Таму загадзя падрыхтаваць шпаргалку – не было сэнсу, на мой розум. Не такія катэгорыі ў разуменні ўдзельнікаў алімпіяды.
– У чым былі самыя складаныя моманты?
– Першае было, на мой позірк, найбольш складаным. Нам зачытвалі верш беларускага пісьменніка, і мы павінны былі зрабіць ягоны грунтоўны аналіз. Трэба было зразумець, што аўтар меў на ўвазе, калі яго пісаў, што хацеў сказаць.
Другім днём было не лягчэй. Але тут, скажам так, трэба было валодаць тэорыяй.
– Як паказаў вынік – ведаў хапіла для перамогі…
– Мы шмат працавалі: акрамя школы і дома пастаянна ўдасканальвалі веды, – кажа Ніна Васільеўна.
– Я правільна разумею, што перамога на рэспубліканскім узроўні дае магчымасць без экзаменаў паступіць на вучобу ў любую ВНУ краіны?
– Калі гэта філалагічны профіль вучобы, такая магчымасць прадугледжана. Але больш дакладней мы будзем ведаць бліжэй да моманту паступлення.
– Я магу здагадацца, што мы маем будучага патэнцыяльнага настаўніка ў асобе Яны?
– Час пакажа. Пакуль ёй трэба адпачыць.
– Вялікі дзякуй за размову. Яшчэ раз віншуем Яну і яе педагога, маці Ніну Васільеўну з заслужанай перамогай. Зычым гэтай апантанай дзяўчыне знайсці сябе, стаць прафесіяналам і ўвогуле быць шчаслівым чалавекам.
Уладзімір РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.