У нядзелю ў рамках Дня моладзі прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” сярод маладых сем’яў. Конкурс ладзіўся на адкрытай пляцоўцы каля Новаслабодскай сельскай бібліятэкі. Таму асноўнымі балельшчыкамі сем’яўканкурсантаў сталі мясцовыя жыхары, якія падбадзёрвалі апладысментамі і воклічамі “Малайцы!”
У той дзень за ганаровае званне вызвалася змагацца шматдзетная сям’я Крісанавых Наталлі і Івана з аграгарадка Гіжэнка, якая выхоўвае чацвёра дзетак: Вераніку, Арцёма, Сафію і Аліну. А вось другая сям’я была з немалым стажам —Янчанкі Міхаіл Іванавіч і Рыма Рыгораўна з Новай Слабады адзначылі рубінавае вяселле – 40 гадоў сумеснага жыцця. І зразумела, маладым яны не былі канкурэнтамі, хутчэй дарадцамі і станоўчым прыкладам таго, як захоўваць і ўмацоўваць свой шлюб, не страціць з гадамі згоду, узаемапавагу і інтарэс да сваёй паловы.
На свята былі запрошаны шаноўныя госці, якія выконвалі і функцыі журы:
старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава і галоўны спецыяліст аддзела Вікторыя Цвярдова.
Вядучая мерапрыемства, першы сакратар райкама “БРСМ” Вікторыя Гарадзецкая прапанавала сем’ям прайсці некалькі конкурсных іспытаў. У творчым заданні “Вітаем па-беларуску” Крісанавы прадставілі сваю сямейную візітоўку і расказалі аб захапленнях і інтарэсах кожнага члена вялікай сям’і, каштоўнасцях і традыцыях.
Не сакрэт, каб жыць заможна і ў дастатку, трэба шмат працаваць. Крісанавы загартаваныя працай, сваім прыкладам прывучаюць да яе і дзетак. І ўпэўнены што іх дружнай сям’і любая праца па плячы. Даказалі гэта і на справе, калі муж з жонкай адправіліся па дровы, а потым зладжана і хутка іх распілавалі, пакалолі і склалі, на выдатна выканаўшы ўмовы другога конкурсу. Сваё майстэрства ў гэтым іспыце прадэманстравалі і супругі Янчанкі.
Наступнае заданне стала для Івана Крісанава нечаканым, а вось для Міхаіла Янчанкі прышыць гузік аказалася справай звычайнай. Як ён прызнаўся, навучыўся гэта рабіць яшчэ ў першым класе, калі наведваў урокі працы.
Кожная жанчына проста абавязаная быць добрай гаспадыняй у доме, тады ў яе і дзеці дагледжаныя, і муж пасля работы хутчэй спяшаецца дадому, бо ведае, што яго цёпла сустрэнуць і смачна пакормяць. Тое, якая Наталля Крісанава адмысловая гаспадыня, прысутныя ацанілі на справе, паспытаўшы стравы, якія жанчына прыгатавала сваімі рукамі і частавала ўсіх. І члены журы, і малыя, і старыя смакавалі сялянскія прысмакі – пончыкі, піцу, халаднік, дранікі, піражкі з рознай начынкай, блінцы і не пераставалі нахвальваць Наталлю.
Завяршылася свята музычнымі кампазіцыямі, якія на выбар выканалі ўдзельнікі конкурсу. А гледачы і балельшчыкі падтрымлівалі сем’і, спяваючы з імі ва ўнісон.
На працягу ўсяго мерапрыемства атмасферу настраёвасці і святочнасці падтрымлівалі юныя таленты. Пацешныя песні, танцы, вершы маленькіх артыстаў гледачы суправаджалі двайной порцыяй апладысментаў.
Узнагароды за ўдзел атрымалі абедзве сям’і. А вось “Уладаром сяла” стала сямейства Крісанавых. У хуткім часе яны будуць прадстаўляць Слаўгарадчыну на абласным этапе праекта.
Святлана Язерская падзякавала сем’і за ўдзел, актыўную жыццёвую пазіцыю, за тое, што берагуць сямейныя каштоўнасці і адзін аднаго, гадуюць у любові і ласцы дзяцей і самі мацуюць свой дабрабыт і дабрабыт сваёй малой радзімы, сваёй краіны.
У другой палове дня ў рамках акцыі “Летні патруль” прайшло прафілактычнае мерапрыемства пад дэвізам: “Моладзь – за бяспечнае лета”. На пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма” супрацоўнікі аддзялення ДАІ і работнікі РАНС прадэманстравалі прысутным спецтранспарт, дзеці змаглі нават пасядзець за рулём і прадставіць сябе дзяржаўтаінспектарам альбо ратавальнікам. Танцавальны калектыў цэнтра дзіцячай творчасці выканаў танец і запрасіў усіх паўдзельнічаць у флэшмобе за бяспечны рух.
Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.