Заўтра традыцыйна ў краіне, а таксама і ў раёне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Напярэдадні ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася інструктыўная нарада з ідэалагічным актывам раёна. Падчас яе былі разгледжаны чатыры пытанні, якія выносіліся на абмеркаванне. Іх агучыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова.

Вялікія справы Года малой радзімы: знакавыя падзеі 2018 года – так гучала першая тэма, якую раскрыла ў сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава.

20 чэрвеня 2018 года Прэзідэнт падпісаў Указ № 247 аб правядзенні ў Беларусі 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы ў мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны – пра гэта нагадала выступоўца і далей дэталёва спынілася на асноўных тэматычных блоках пытання, акцэнтавала ўвагу аўдыторыі на знакавых падзеях як для Беларусі, так і для нашай Слаўгарадчыны.

Не менш інфармацыйна насычанай была тэма выступлення загадчыцы раённага інфармацыйна-ідэалагічнага цэнтра Наталлі Шамалавай – “Імі ганарыцца Магілёўшчына: да 81-ай гадавіны стварэння Магілёўскай вобласці”. Вельмі цікава і пазнавальна было пачуць пра дасягненні людзей, якія знайшлі сябе ў розных плынях і якія сваімі талентам, скрупулёзнай працай зрабілі многае, каб Магілёўшчына развівалася, квітнела і пра яе ведалі далёка па-за межамі краіны. Наталля Аляксееўна не прамінула расказаць і аб нашых земляках, якія праслаўлялі малую радзіму праз сваю дзейнасць. Мы абавязкова на старонках раёнкі раскажам нашым чытачам аб гэтым падрабязней.

Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое разгледзелі падчас нарады, тычылася страхавання. Дырэктар прадстаўніцтва па Слаўгарадскаму раёну “Белдзяржстрах” Вольга Іванькова адзначыла, што на сёння існуе звыш 100 відаў страхавання. Але акцэнтавала ўвагу ідэолагаў на новай паслузе – страхаванне здароўя крэдытаатрымальніка.

Рызыка апынуцца ў фінансавай пастцы: няшчасны выпадак, праблемы са здароўем могуць пазбавіць магчымасці працаваць і вяртаць крэдыт. Абараніць сябе і сваіх блізкіх ад фінансавых праблем дапаможа страхавы поліс па добраахвотным страхаванні ад няшчасных выпадкаў і хвароб крэдытаатрымальнікаў – недарагі і найбольш просты спосаб пагасіць крэдыт у крытычнай сітуацыі. Пра гэта з канкрэтнымі прыкладамі расказала Вольга Фёдараўна.

Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустрэць вялікае рэлігіёзнае свята – Хрышчэнне Гасподне. Асобныя набіраюцца сіл акунуцца ў ледзяную палонку. Пра тое, як падрыхтаваць свой арганізм для такога роду стрэса і пры гэтым выканаць правілы бяспекі, гаварыў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадраваму забеспячэнню РАНС Сяргей Падачанка.

У ходзе пасяджэння былі разгледжаны таксама іншыя рабочыя пытанні, якія патрабавалі вырашэння. Падводзячы вынікі нарады, Алена Міхайлаўна запатрабавала ад прысутных адносіцца адказна да правядзення дзён інфармавання ў працоўных калектывах і давесці да ведама кожнага інфармацыйны матэрыял.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться