Архiмандрыт Афанасiй (Сакалоу), рэктар Мiнскай духоунай акадэмii:
– Устанаўленне свята народнага адзінства – надзвычай важная падзея, якая адпавядае думкам і памкненням нашага народа. Прычым не толькі сённяшняга дня. Многія пакаленні беларусаў на працягу стагоддзяў шукалі шляхі да адзінства і згоды. І заўсёды гэтыя пошукі ішлі праз пераадольванне знешніх пагроз і ўнутранага разладу, які часцей за ўсё падаграваўся нашымі нядобразычліўцамі.
Выбраны для святкавання дзень 17 верасня мае асаблівае значэнне для гісторыі Бацькаўшчыны ў ХХ стагоддзі. Ледзьве здабыўшы сваю дзяржаўнасць, Беларусь аказалася разарванай на Заходнюю і Усходнюю часткі па ўмовах Рыжскага дагавора 1921 года. Пры гэтым беларусы не падпісвалі той дагавор, але былі вымушаныя пагадзіцца на яго несправядлівыя ўмовы. І вось 1939 год прынёс нарэшце доўгачаканае аб’яднанне нашай нацыі ў адной дзяржаве.
Для жыхароў Слаўгарадчыны 17 верасня мае яшчэ адну памятную падзею. У вёсцы Ляцягі традыцыйна адзначаецца свята ў гонар іконы Божай Маці “Неапаленая Купіна”. У гэты дзень мы пераносімся ў думках у віхуру Вялікай Айчыннай вайны. У верасні 1943 года пачалося вызваленне нашага раёна ад фашыстаў. Фронт устанавіўся па рэках Проня і Сож, берагі якіх сталі крывавымі ад колькасці загінулых нашых воінаў. І падчас блакады партызанскай зоны між Лясной, Жалезінкай, Боўкамі і Дабужай, і ў іншых мясцінах партызаны, чырвонаармейцы, мірныя жыхары, бежанцы зазнавалі цяжкія выпрабаванні, а многія аддалі свае жыцці дзеля Перамогі. Таму не інакш як цуд Божы мы ўспрымаем абарону Ляцягаў ад знішчэння пасля правядзення хрэснага хода з іконай Прачыстай Багародзіцы ў 1943 годзе. І з таго часу больш за 80 гадоў ідзе ў Ляцягах хрэсны ход 17 верасня. Як і ў ваенныя гады, ён аб’ядноўвае людзей у супольнай малітве за мір і згоду на нашай зямлі і для ўсіх народаў.
Асабіста для мяне Дзень народнага адзінства – заўсёды час асаблівага клопату і духоўнага разважання над тым, што служыць адзінству народа. Хрысціянская цывілізацыя, у якой мы, беларусы, маем свой голас і ўласную тысячагадовую традыцыю, будуе адзінства народа на фундаменце веры, на Божым Законе і яго духоўна-маральных запаветах. Такі наказ нам даюць вялікія асветнікі і святыя падзвіжнікі – Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі, Сафія Слуцкая, Афанасій Брэсцкі, Макарый Пінскі, Георгій Магілёўскі, Валянціна Мінская, Манефа Гомельская… І гэты наказ мы будзем выконваць самі і перадаваць сваім паслядоўнікам.
Са святам, мае землякі! Няхай Божае благаславенне будзе з намі і спрыяе ў нашай супольнай працы на карысць роднай Беларусі.