У пачатку жніўня Беларусь наведала дэлегацыя Праваслаўнай Царквы Рэспублікі Казахстан на чале з мітрапалітам Астанайскім Аляксандрам. Госці пазнаёміліся з хрысціянскімі святынямі Мінска, Магілёва, Бялынічаў і Жыровічаў. Асаблівая ўвага казахстанцаў была скіравана на ўсё, што звязана з імем царкоўнага дзеяча ХХ стагоддзя мітрапаліта Іосіфа (Чарнова). Уладыка Іосіф нарадзіўся ў Магілёве, а манаскі шлях пачынаў у Бялыніцкім манастыры. Памёр ён у 1975 годзе, пахаваны ў Алма-Аце. Доўгі час жыццё і дзейнасць мітрапаліта Іосіфа (Чарнова) былі малавядомыя ў Беларусі. Архімандрыт Афанасій (Сакалоў) стаў першым з гісторыкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, хто знайшоў новыя звесткі пра казахстанскага мітрапаліта. З гэтай прычыны сучасны кіраўнік Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Казахстан мітрапаліт Аляксандр пажадаў не толькі асабіста сустрэцца з айцом Афанасіем, але і ўдастоіў яго ордэна свяціцеля Сафоніі, архіепіскапа Туркестанскага. Гэтая ўзнагарода ўручаецца за высокія дасягненні і плённую працу на ніве духоўнага асветніцтва.

Сардэчна віншуем айца Афанасія з міжнародным прызнаннем вынікаў ягонай даследчыцкай працы і жадаем далейшых поспехаў у высакародным служэнні!

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *