ПРАПОЙШЧЫНА Ў 1924 ГОДЗЕ
Сёлета мы адзначаем 100-гадовы юбілей утварэння Слаўгарадскага (Прапойскага) раёна. Значная дата натхняе на пошукі гістарычных крыніц, якія б дазволілі высветліць новыя факты нашай мінуўшчыны. Яны знайшліся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Мінску. Некаторыя з гэтых дакументаў у свой час былі адрасаваныя абмежаванай колькасці дзяржаўных службоўцаў і кіраўнікоў. Зараз, праз стагоддзе, яны ўводзяцца ў шырокі ўжытак. Круты пералом гісторыі, барацьба за ўладу, надзеі і расчараванні рэвалюцыйнага часу, прага зямлі і дастатку, культуры і асветы, роўнасці і чалавечай годнасці, іншыя сацыяльныя змены – усё гэта, як у люстэрку, адбілася ў гісторыі Слаўгарадчыны.
ПРАПОЙСК ЗНОЎ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ЦЭНТР
З утварэннем раёна Прапойск зноў стаў адміністрацыйным цэнтрам пэўнай тэрыторыі вакол Проні і Сажа. Усім нам вядома, што ў XII стагоддзі старажытны Прупой (Прапошаск) з’яўляўся падобнай адзінкай, дзе збіралі даніну з навакольнага насельніцтва. У часы Вялікага княства Літоўскага горад і замак Прапойск лічыліся каралеўскай воласцю і мелі важнае значэнне. Аднак пазней горад усё больш прыходзіў у заняпад, пакуль не ператварыўся ў беднае мястэчка. Нават пабудова Маскоўска-Варшаўскай шашы і рэгулярнае рачное суднаходства па Сажы ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзяў не змянілі статус Прапойска: ён па-ранейшаму заставаўся толькі цэнтрам воласці Быхаўскага павета. Мяжа з Чэрыкаўскім паветам ішла па рэках Сож і Проня. Частка сучаснага раёна (Гіжэнка, Целяшы, Бярозаўка, Ляцягі, Дубна, Старая Каменка, Сычын) былі ў складзе Чэрыкаўскага павета.
З усталяваннем Савецкай улады і з-за акупацыі Быхава немцамі ў 1918 годзе Прапойск абвясціў сябе цэнтрам Быхаўскага павета. Мясцовыя таварышы меркавалі і ў далейшым падтрымліваць значэнне мястэчка. Аднак хутка органы ўлады павета зноў перамясціліся ў Стары Быхаў. Для гэтага было некалькі прычын, але і немілагучная назва аказала свой уплыў. На невялікі час у студзені 1919 года Прапойск увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак праз некалькі тыдняў аказаўся ўжо ў Гомельскай губерні РСФСР. Вялікія перамены прынёс 1923 год. Быхаўскі павет быў расфарміраваны, таксама і некаторыя воласці – Баханская і Бычанская. Замест іх утварылі Слаўнянскую воласць Рагачоўскага павета, а Прапойскую воласць перадалі ў склад Чэрыкаўскага павета. Даўгамохскую воласць афіцыйна залічылі да Магілёўскага павета. Такое рашэнне прыняло губернскае кіраўніцтва ў Гомелі.
Частыя перамяшчэнні адміністрацыйных цэнтраў уносілі блытаніну ў паўсядзённае жыццё. Нарэшце, у сакавіку 1924 года Усесаюзны Цэнтральны Выканаўчы Камітэт пастанавіў перадаць з РСФСР у склад БССР вялікую тэрыторыю Віцебскай і Гомельскай губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам. Пытанне аб гэтым ставілася яшчэ з 1919 года, але толькі праз пяць гадоў было вырашана станоўча. Пры гэтым зноў ліквідавалі некаторыя паветы (напрыклад, Чэрыкаўскі). Прапойская воласць увайшла ў склад Калінінскага павета з цэнтрам у г. Клімавічы. Хутка ў БССР вырашылі стварыць раёны і акругі. Так, 17 ліпеня 1924 года нарадзіўся Прапойскі раён Магілёўскай акругі. І ўжо сто гадоў наш Слаўгарад (былы Прапойск) з’яўляецца цэнтрам раёна. Толькі невялікі час (1963–1964 гг.) пры адміністрацыйна-тэрытарыяльных зменах у СССР раён быў ліквідаваны. Хочацца, каб падобныя змены зноў не закранулі наш край, і каб Слаўгарадскі раён не перастаў існаваць як самастойная адзінка.
ВЫЗНАЧЭННЕ МЕЖАЎ РАЁНА
Для разгляду пытання аб межах Прапойскага раёна ў другой палове ліпеня 1924 года стварылі спецыяльную камісію ў складзе таварышаў з Магілёва (цэнтра акругі). Гэтая камісія павінна была кантактаваць з падобнымі камісіямі па раянаванню Чавускага, Быхаўскага, Журавіцкага і Кармянскага раёнаў гэтай жа акругі і Чэрыкаўскага, Краснапольскага раёнаў Калінінскай акругі.
Першапачаткова камісія (таварышы Журомскі, Каваленка, Станкевіч) рашэннем ад 4 жніўня 1924 года акрэсліла плошчу Прапойскага раёна ў 975 квадратных вёрст з насельніцтвам 46663 чалавекі, з якіх сельскага насельніцтва 44067 чалавек, а гарадскога 1996 чалавек. Усіх населеных пунктаў было вызначана 128 (акрамя некаторых няўлічаных хутароў, асобных двароў, камун і таварыстваў), а сельсаветаў планавалася стварыць 19.
Такое рашэнне аб межах Прапойскага раёна выклікала спрэчкі з боку адпаведных камісій Чавускага, Журавіцкага і Кармянскага раёнаў. Цікава заўважыць, што межы з Быхаўскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнамі не аспрэчваліся (такіх дакументаў у архівах не знойдзена).
СПРЭЧНЫЯ НАСЕЛЕНЫЯ ПУНКТЫ
На тое, чаму асобныя населеныя пункты зрабіліся спрэчнымі для кіраўніцтва суседніх раёнаў, аказалі ўплыў некалькі фактараў. Па-першае, гэта колішні (дарэвалюцыйны) адміністрацыйны падзел. Некаторыя вёскі гістарычна адносіліся да пэўных валасцей. І калі цэнтр воласці (напрыклад, Доўгі Мох, Бахань) аказваўся за межамі Прапойскага раёна, то суседнія раёны хацелі, каб і многія вёскі гэтай воласці адносіліся да іх. Па-другое, вялікае значэнне мелі традыцыйныя межы некаторых царкоўных прыходаў. Калі цэнтр сельсавета планаваўся ў сяле (найчасцей – у былым царкоўным доме), то і вёскі прыхода хацелі аднесці да гэтага сяла.
Спрэчнымі населенымі пунктамі ў 1924 годзе сталі вёскі Кулікоўкі 1-я і 2-я, Жаролы, якія камісія Журавіцкага раёна ўключыла ў склад свайго Баханскага сельсавета. Камісія Чавускага раёна аднесла вёску Чыкаўку да Даўгамохскага сельсавета, а вёскі Харанева і Хварасцяны – да Цяплянскага сельсавета. У Кармянскім раёне спрачаліся за сяло Хляўно і дзве Глінкі – Паштовую і Баравую. Спачатку Хляўнянскі сельсавет кіраўніцтва Магілёўскай акругі ўключыла ў Прапойскі раён.
Спрэчкі вырашылі ў асноўным на карысць Прапойскага раёна: прэтэнзіі Журавіцкай і Чавускай раённых камісій былі адхілены. Толькі Хляўнянскі сельсавет з 5 жніўня 1924 года канчаткова ўвайшоў у склад Кармянскага раёна і ніколі больш не адносіўся да Прапойскага (Слаўгарадскага). Хаця пэўныя сімпатыі хляўнянцаў да нашага раёна адчуваліся досыць доўга. Напрыклад, беларускі савецкі паэт Авяр’ян Дзеружынскі, ураджэнец Хляўна, ва ўспамінах дзяцінства і юнацтва 1930-х гадоў часцей піша пра Слаўгарад (Прапойск), чым пра Карму.
ПЫТАННЕ АБ КОЛЬКАСЦІ І ЦЭНТРАХ СЕЛЬСАВЕТАЎ
Не пазней за 23 ліпеня 1924 года акруговая камісія прапанавала стварыць у Прапойскім раёне 20 сельсаветаў. Планы былі наступныя (парадак пераліку згодна з архіўнымі дакументамі):
1. Аляксандраўскі (цэнтр в. Аляксандраўка 1-я). Насельніцтва 1260 чалавек, гаспадарак 209.
2. Віраўскі (цэнтр в. Віравая). Насельніцтва 1523 чалавекі, гаспадарак 227. Заўважым, што яшчэ ў канцы XIX стагоддзя дзве суседнія вёскі – Віравая і Завад – былі афіцыйна аб’яднаны ў адну з назвай Завад-Віравая. Але пасля рэвалюцыі паселішча зноў «падзялілася» на дзве асобныя вёскі. І яшчэ адна заўвага: колькасць гаспадарак у Новай Слабадзе была найбольшая – 97, а ў Віравой 67, на Завадзе – 63. Але насельніцтва найбольшае ў Віравой – 581 чалавек, у Новай Слабадзе 553, на Завадзе 389 жыхароў.
3. Лебядзёўскі (цэнтр в. Лебядзёўка). Насельніцтва 927 чалавек, гаспадарак 137.
4. Прапойскі (цэнтр м. Прапойск). Насельніцтва 4731 чалавек, гаспадарак 721. Не ўсё насельніцтва Прапойска адносілася да гарадскога, частка жыхароў мястэчка – сяляне.
5. Старынскі (цэнтр с. Старынка). Насельніцтва 2089 чалавек, гаспадарак 259.
6. Урэцкі (цэнтр в. Урэчча). Насельніцтва 3271 чалавек, гаспадарак 530.
7. Рабавіцкі (цэнтр с. Рабавічы). Насельніцтва 2364 чалавекі, гаспадарак 352.
8. Кульшыцкі (цэнтр с. Кульшычы). Насельніцтва 3200 чалавек, гаспадарак 436.
9. Васькавіцкі (цэнтр в. Васькавічы). Насельніцтва 2672 чалавекі, гаспадарак 437.
10. Гайшынскі (цэнтр м. Гайшын). Насельніцтва 2006 чалавек, гаспадарак 361.
11. Руднянскі (цэнтр х. Рудня за Проняй паблізу в. Закрупец). Насельніцтва 1637 чалавек, гаспадарак 267. Цікава, што Рудня афіцыйна пісалася як хутар, бо так яна лічылася да рэвалюцыі. Але насельніцтва Рудні вырасла ў шмат разоў (у 1924 годзе – 530 чалавек, а ў Закрупцы жыло 444 чалавекі, у Гіжэнцы – 385 чалавек).
12. Целяшоўскі (цэнтр с. Целяшы). Насельніцтва 2355 чалавек, гаспадарак 364.
13. Бярозаўскі (цэнтр в. Бярозаўка). Насельніцтва 1467 чалавек, гаспадарак у двух населеных пунктах (Бярозаўка і Ляцягі) 241.
14. Іванішчавіцкі (цэнтр в. Іванішчавічы). Насельніцтва 2646 чалавек, гаспадарак 437.
15. Лапаціцкі (цэнтр в. Лапацічы). Насельніцтва 4406 чалавек, гаспадарак 720. Населеных пунктаў 9. Вёска Улукі аднесена да Лапаціцкага сельсавета, а не да Рабавіцкага.
16. Кулікоўскі (цэнтр – в. Кулікоўка 1-я). Сельсавет спрэчны з Журавіцкім раёнам, дзе ён планаваўся не як самастойная адзінка, а ў складзе Баханскага сельсавета. Жыхароў у дзвюх Кулікоўках 1191 чалавек, у Жаролах 610, у Дубраўцы 118. Усіх гаспадарак 327.
17. Чарнякоўскі (цэнтр в. Чарнякоўка). Насельніцтва 3454 чалавекі, гаспадарак 569.
18. Хляўнянскі (цэнтр с. Хляўно). 5 жніўня 1924 года гэты сельсавет перададзены Кармянскаму раёну з насельніцтвам 2003 чалавекі.
19. Старакаменскі (цэнтр в. Старая Каменка). Насельніцтва 1730 чалавек, гаспадарак 284.
20. Няміленскі (цэнтр в. Нямільня). Насельніцтва 1322 чалавекі, гаспадарак 209.
Такая колькасць сельсаветаў не задаволіла акруговае кіраўніцтва. Ва ўсіх раёнах пачалася «аптымізацыя». Канчаткова 20 жніўня 1924 года ў Прапойскім раёне ўтварылі 12 сельсаветаў: Аляксандраўскі, Васькавіцкі, Віраўскі, Гайшынскі, Іванішчавіцкі, Кульшыцкі, Лапаціцкі, Прапойскі, Старынскі, Урэцкі, Целяшоўскі і Чарнякоўскі. З іх выпрабаванне часам вынеслі толькі два і могуць таксама святкаваць сёлета сваё 100-годдзе – Васькавіцкі і Лапаціцкі сельсаветы.
Пытанне аб «зліцці» некаторых сельсаветаў вырашалася акруговым і раённым кіраўніцтвам без уліку многіх фактараў і не заўсёды ўхвалялася насельніцтвам. Узніклі праблемы з-за аддаленасці цэнтраў сельсаветаў ад іншых населеных пунктаў, нязручнасці шляхоў зносін (напрыклад, Старая Каменка і Дубна аднесены да Гайшынскага сельсавета, а паміж вёскамі і цэнтрам – рака Сож). Наогул, для ўсёй «засажэўскай» часткі раёна застаўся толькі адзін сельсавет у Старынцы замест трох запланаваных. Вялікая тэрыторыя, значнае насельніцтва і нялёгкія дарогі. Жыхары вёскі Ржаўка, аднесенай да Урэцкага сельсавета, былі таксама незадаволеныя. Яшчэ адна складанасць была звязана з аб’яднаннем Віраўскога і Рабавіцкага сельсаветаў. Два варыянты вырашэння пытання былі аднолькава нязручныя. Калі сельсавет называць Віраўскім, а цэнтр мець у Рабавічах, то гэта непажадана для жыхароў Новай Слабады і Завад-Віравой. Калі ж цэнтр сельсавета зрабіць у Віравой – скардзяцца жыхары Лясной, Кашалева і тых жа Рабавіч, бо ім далекавата. Такая ж нязручнасць з аб’яднаннем Аляксандраўскага і Руднянскага сельсаветаў. Жыхарам Рудні, Закрупца, Забалоцця (Галузы) і Гіжэнкі няблізка дабірацца ў Аляксандраўку 1-ю. Для насельніцтва гэтых вёсак было б лепей увайсці ў склад Целяшоўскага сельсавета, але кіраўніцтва акругі не пагадзілася.
Многія падобныя пытанні і прэтэнзіі насельніцтва, а таксама саміх працаўнікоў сельсаветаў былі знятыя пераменамі, што адбыліся ў кастрычніку 1924 – жніўні 1925 гадоў, калі ліквідавалі Віраўскі, Урэцкі, Аляксандраўскі сельсаветы, а ўтварылі новыя – Рабавіцкі, Ржаўскі, Гіжэнскі, Каменскі. З іх трывае да сённяшняга дня Гіжэнскі сельсавет (100 гадоў яму будзе 21 жніўня 1925 года).
Аналізуючы падзеі стогадовай даўніны, бачым, што толькі некаторыя населеныя пункты, якія планаваліся ў якасці цэнтраў сельсаветаў у 1924 годзе, не здолелі ў поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці. Гэта Завад-Віравая, Урэчча, Лебядзёўка, Нямільня за Сажом і Рудня каля Закрупца. У далейшай нашай гісторыі яны не сталі адміністрацыйнымі цэнтрамі (напрыклад, буйных калгасаў), не мелі васьмігадовых ці сярэдніх школ, устаноў культуры, паштовых аддзяленняў. Іншыя, для якіх «зорны час» як быццам не надышоў летам 1924 года, потым аказаліся значнымі вёскамі і цэнтрамі прыцягнення. Гэта Бярозаўка за Проняй, Кулікоўка, Старая Каменка, Рабавічы.
ЯШЧЭ РАЗ АБ СТАТЫСТЫЦЫ
Плошча Прапойскага раёна ў 1924 годзе была меншая, чым зараз. Частка сучаснага Слаўгарадскага раёна адносілася да Журавіцкага раёна. Там былі ўтвораны 4 сельсаветы, якія пазней увайшлі ў склад Слаўгарадскага раёна – Баханскі, Малазімніцкі (Зімніцкі), Рагаўскі (Рагінскі) і Ракцянскі. Насельніцтва ў гэтых сельсаветах налічвала больш за 9700 чалавек. Адміністрацыйная мяжа з Журавіцкім раёнам праходзіла праз Свенск, тады зусім нязначны населены пункт. Вёскі Прудок, Рагі, Перагон, сяло Рэкта ў 1924 годзе – у складзе Журавіцкага раёна. Мяжа з Кармянскім раёнам была вызначана паблізу вёскі Косальскі Прудок і далей паўночней Хляўна да ракі Сож.
Такім чынам, насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Слаўгарадчыны летам 1924 года было не менш за 56 тысяч чалавек (46663 жыхары Прапойскага раёна і больш за 9700 чалавек з тэрыторыі тагачаснага Журавіцкага раёна). Нават калі адкінуць 2003 чалавекі з Хляўнянскага сельсавета, які не ўвайшоў у Прапойскі раён, лічба атрымоўваецца вельмі значная – не менш за 54 тысячы. Калі б сёння было столькі жыхароў Слаўгарадчыны і ўсе працаздольныя займаліся ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, зусім іншым было б развіццё нашага краю. Але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Таму з той колькасцю насельніцтва, якое маем, мы сустракаем юбілей і клапоцімся аб нашым далейшым жыцці і развіцці.
ДАСЯГНЕННІ І СТРАТЫ 1920-Х
Пачатак 1920-х гадоў у гістарычных крыніцах нездарма названы «крутым паваротам гісторыі». Будаўніцтва новага жыцця пачалі з адмаўлення старога як шкоднага і рэакцыйнага. Спатрэбілася шмат часу, каб людзі зразумелі, што і да 1918 года ў жыцці было нямала станоўчага. Не заўсёды яно ацэньвалася як мае быць і выкарыстоўвалася для агульнай карысці. Зараз, праз 100 гадоў, можна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што не патрабавала доказаў для нашых папярэднікаў.
Насельніцтва Прапойшчыны было змешаным па нацыянальным саставе. Беларусы мелі пераважную большасць сярод сельскіх жыхароў і часткi грамадзян (каля паловы) у Прапойску. Значны працэнт насельніцтва ў мястэчку складалі яўрэі. Жылі яны і на вёсцы, але невялікімі групамі (напрыклад, у Рэкце, Вялікай Зімніцы, Гайшыне). У Расійскай імперыі праявы антысемітызму сустракаліся нярэдка, былі і яўрэйскія пагромы. На Прапойшчыне такіх фактаў мы не ведаем. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі многія яўрэі прыйшлі да ўлады, гэтаксама і ў Прапойскім раёне. Але антаганізму на нацыянальнай глебе ў нас не было. Напрыклад, у Прапойскім сельсавеце ў 1924 годзе старшынёй быў яўрэй, намеснікам старшыні – беларус, а сакратаром – рускі. Ва Урэцкім і Кульшыцкім сельсаветах на хутарах жылі латышы. У некаторых раёнах Магілёўскай акругі былі нават латышскія нацыянальныя сельсаветы. Згода і паразуменне прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей – вялікая каштоўнасць, якую не растрацілі жыхары Слаўгарадчыны ад старажытнасці і дасёння.
Вясковае жыццё было надзвычай цяжкае. Дарэвалюцыйнае малазямелле вымушала сялян да перасялення ў Сібір ці на Далёкі Усход. Перасяленне прадоўжылася і пры Савецкай уладзе. Наогул, людзі хацелі працаваць, дасягаць дастатку, але гэта было вельмі складана ва ўмовах грамадзянскай вайны і палітыкі «ваеннага камунізму». Далей, пры НЭПе, як быццам палягчэла, але ўсё роўна падаткі былі вялікія і не заўсёды прызначаліся справядліва.
У сферы ідэалогіі запанавала толькі адна дактрына. Рэлігійнае жыццё, духоўныя патрабаванні чалавека аказаліся пад забаронай і ўціскам, замест гэтага новая ідэалогія ўсё больш набывала рысы культу без унутранай працы і ўдасканалення.
Культурнае развіццё, народная асвета, ахова здароўя, ліквідацыя непісьменнасці сталі аднымі з галоўных клопатаў новай улады. Праўда, тут былі пэўныя ідэалагічныя абмежаванні і стэрэатыпы. Тым не менш нельга адмаўляць, што ў 1920-я гады на Прапойшчыне, як і паўсюль у краіне, пашырылася культурна-асветніцкае развіццё. Школы, бібліятэкі, пошта, бальніца, аптэкі былі на Прапойшчыне і да рэвалюцыі. Але з утварэннем раёна ўсё гэта склала пэўную сістэму і развівалася.
Нацыянальнае пытанне ў 1924 годзе вырашалася ў рэчышчы беларусізацыі. Тады ў БССР было чатыры дзяржаўныя мовы – беларуская, руская, ідыш і польская. У архівах захоўваюцца дакументы са штампам Прапойскага райвыканкама на чатырох мовах. Большасць дакументаў – па-руску і па-беларуску, сустракаюцца дакументы па-яўрэйску (на ідыш). Польскамоўных папер няма, хаця адзначана, што сярод жыхароў вёсак Узгорск Лапаціцкага сельсавета і Дашкоўка Целяшоўскага сельсавета часам ужывалася польская мова ў сямейна-бытавых зносінах. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў ацэнена як невысокая. Школы ў 1924 годзе пачалі пераводзіць на беларускую мову навучання, адчынілі курсы і гурткі беларусізацыі. Частка насельніцтва ўспрыняла гэта як належнае, але былі выпадкі непаразумення. Асобныя сяляне і большасць інтэлігенцыі выказваліся за глыбокае вывучэнне рускай мовы і літаратуры. Некаторыя грамадзяне скардзіліся, што дзве мовы ў школе для іх дзяцей – вялікая цяжкасць, яны не могуць засвоіць ні рускую, ні беларускую, атрымліваецца блытаніна. Акрамя таго, многія формы і словы тагачаснай беларускай літаратурнай мовы арыентаваліся на заходнебеларускiя ўзоры і былі чужымі для беларусаў Прапойшчыны (напрыклад, кляса, глёбус, марфалёгія, Янка, Якуб, Язэп, Прузына, Данута). Пазней, з рэфармаваннем беларускай мовы і набліжэннем яе нормаў да большасці беларускіх гаворак, многія пытанні былі знятыя.
Пры навучанні беларускай мове ў 1924-25 гадах выкарыстоўвалася простае правіла: «Як чуеш, так і пішаш». Таму ў архіўных дакументах па-беларуску нямала дыялектных слоў і формаў. Яны ўжываліся і ў назвах сельсаветаў – Васькаўскі, Іванішчаўскі, Целяшэўскі, Ржаўкаўскі (Іржаўскі), Старынкаўскі, Гіжэнкаўскі, Каменкаўскі.
СЯЛЯНЕ ПРАПОЙШЧЫНЫ
Цікава звярнуць увагу на тое, па якіх прыкметах у 1924 годзе праходзіла «расслаенне» вёскі. Органы ўлады выдзялялі тры асноўныя катэгорыі сялян – беднякі, сераднякі і кулакі.
У Прапойскім сельсавеце да беднякоў залічвалі тых, у каго сям’я складалася не менш як з 6 чалавек, а зямлі было толькі 3-4 дзесяціны, 1 карова, 1 конь (і нават без каня і без каровы), сельскагаспадарчы інвентар дрэнны, для апрацоўкі зямлі магла выкарыстоўвацца драўляная саха.
Сераднякі Прапойскага сельсавета: у сям’і 3-5 чалавек, сезонных работнікаў 1-2, зямлі ж як у беднякоў 3-4 дзесяціны, кароў 2-3, коней 2, сельскагаспадарчы інвентар добры (жалезныя плугі і бароны і г.д.). Сераднякі мелі дадатковы прыбытак ад паслуг (кавалі, шаўцы, бондары, пчаляры і інш.). Яшчэ сераднякі маглі займацца падвозам ці здаваць у арэнду коней. Праўда, за паслугі сяляне-беларусы часцей за ўсё ўстанаўлівалі адпрацоўку ці разлік сенам, зернем, бульбай, а не грашыма. За 1 конедзень тарыф складаў 2 пуды жыта. Сяляне-яўрэі давалі сваіх коней у арэнду па суботах (рэлігійная запаведзь іудаізму – не працаваць у суботу). Кошт толькі грашыма – 1 рубель за дзень.
Заможныя сяляне (багацеі, кулакі) Прапойскага сельсавета – 3-4 чалавекі ў сям’і (з іх працаўнікоў 2-3), але зямлі 10-15 дзесяцін, кароў 3-4, коней 2-4. У кулакоў абавязкова былі сезонныя работнікі (батракі) – 3-5 чалавек. Сельскагаспадарчы інвентар вельмі добры, маглі быць конныя жняяркі, малацілкі і г.д. Заможныя сяляне самі шмат працавалі і заўсёды падкрэслівалі, што яны не «крывасмокі», а працаўнікі.
У залежнасці ад катэгорыі, якая вызначалася сельсаветам, устанаўлівалі памер падаткаў.
Акрамя таго, на вёсцы былі беззямельныя сяляне, сіроты і ўдовы. Ім дапамагалі суседзі, іншыя жыхары вёсак.
Па Васькавіцкім сельсавеце статыстыка 1924 года наступная. Па ўсім сельсавеце (14 населеных пунктаў) гаспадарак без коней 47, з 1 канём – 271, з 2 коньмі – 141, з 3 коньмі – 8. Гаспадарак без кароў 21, з 1 каровай – 245, з 2 каровамі – 174, з 3 каровамі – 23, з 4 каровамі – 3, з 5 каровамі – 1.
Сяляне Прапойшчыны, як і ў іншых месцах, нярэдка выказвалі прэтэнзіі прадстаўнікам улады на тое, што рабочыя ў горадзе жывуць лепш, больш зарабляюць і менш працуюць. Але ў выпадку бедстваў сяляне спачувалі і дапамагалі рабочым. Напрыклад, жыхары вёскі Новая Слабада ў 1924 годзе сабралі для рабочых Ленінграда, што пацярпелі ад стыхіі, 6 рублёў 58 капеек і перадалі грошы ў сельсавет. Канешне, сума невялікая, але яна складалася з капеек беднякоў і сераднякоў, якія не засталіся абыякавымі да лёсу пацярпелых людзей.
Фота носяць ілюстрацыйны характар.
«ЗЯМЛЯ – АСНОВА ЎСЁЙ АЙЧЫНЕ»
У 1923 годзе асобным выданнем выйшаў класічны твор беларускай літаратуры – паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Спрадвечная мара сялянства аб зямлі выказана нашым песняром так:
«Зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць, зямля дасць волі, дасць і сілы, зямля паслужыць да магілы, зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля – аснова ўсёй Айчыне».
Сто гадоў таму кожны селянін-гаспадар на Прапойшчыне хацеў працаваць на сваёй зямлі. Нягледзячы на змены пасля кастрычніка 1917 года, зямельнае пытанне стаяла надзвычай востра. Некаторыя сялянскія сем’і да рэвалюцыі змаглі прыдбаць зямельныя надзелы, а іншыя – не. Ва ўмовах бальшавіцкай улады ўзнікла жаданне па-новаму ўсё падзяліць. Вось у гэтым і быў корань асноўнага канфлікту на вёсцы. Сяляне з добрымі зямельнымі дзялянкамі не згаджаліся на перадзел. Іх логіку можна зразумець: «Нашы бацькі і мы цягнуліся з апошніх сіл, не даядалі, працавалі ад цямна да цямна, збіралі па капейцы, каб выкупіць зямлю ў дзяржавы ці пана, а гультаі зараз хочуць яе адабраць і раздзяліць бясплатна». Беднякі крычалі: «Правесці перадзел зямлі падушна, на кожнага едака ў сям’і». Сяляне-гаспадары адказвалі: «Адбяруць зямлю, запаскудзяць яе і кінуць, як пасля рэвалюцыі панскія маёнткі». Сапраўды, гэткі аргумент быў супраць эксперыментаў новай улады, бо з 1918 года ў былых памешчыцкіх маёнтках ствараліся камуны, большасць з якіх потым распалася пасля таго, як камунары праелі панскія запасы і разламалі сядзібныя дамы. У маёнтку Свенскаполле пана Эйхельмана таксама была камуна і яе вопыт аказаўся няўдалым. Крыху лепшым было становішча ў маёнтку Улукі.
Зямельнае пытанне датычылася і ворыва, і сенакосу (пашы). Заліўныя лугі каля Проні і Сажа заўсёды патрабавалі адпаведнага догляду. Зараз, калі мы ў Слаўгарадзе глядзім на зарэчныя далі з пляцоўкі каля «Якара», бачым зарослыя хмызнякамі прасторы. А яшчэ гадоў з 30–40 таму паўсюль, як вокам кінуць, пасвіліся сотні калгасных і дваравых кароў, сенакос і паша былі чыстыя. Працавала там калгасная тэхніка, меліярацыя. А раней нашы дзяды і прадзеды выкошвалі луг уручную, знішчалі кустоўе. У 1924 годзе беднякі Прапойскага сельсавета выкарчавалі зараснікі на 98 дзесяцінах, спадзеючыся, што тая дзялянка агульнага карыстання. Як толькі цяжкая праца скончылася, з’явіліся прыватныя ўладальнікі ачышчаных лугоў. Узнік канфлікт. Справа паступіла ў новаствораны суд Прапойскага раёна і аказалася няпростай для вырашэння.
Такім чынам, неабходнасць землеўпарадкавання разумелася ўсімі – ад цэнтральных органаў улады да простых грамадзян. Вырашэнне зямельнага пытання мела тры варыянты: абшчына, пасёлак і хутар. Выдзяленне з абшчыны (вёскі) на пасёлак найбольш падабалася сераднякам і беднякам, якіх была большасць. Так на пачатку 1920-х гадоў вакол вёсак Прапойшчыны пачалі з’яўляцца пасёлкі. У Васькавіцкім сельсавеце, напрыклад, у 1924 годзе існавала 9 пасёлкаў: Нова-Папоўскі (ці проста пасёлак Папоўка), Перша-Васькавіцкі (пасёлак Васькавічы), Нова-Чачораўка, Плясно, Міхайлоў, Падспор’е, Перакат, Пачатак (Начало), Земляроб (Земледелец). Колькасць двароў у гэтых пасёлках – ад 3 да 13. Жыхары в. Рудня пастанавілі таксама выдзеліцца на пасёлкі і пачалі справу. Пераход вёскі Рудня з РСФСР у БССР прынёс нечаканыя цяжкасці. Для землеўпарадкавання патрабавалася папярэдняя аплата, і яна была зроблена ў Гомель, падрыхтаваны дакументы. Але беларускае заканадаўства адрознівалася ў дэталях ад расійскага (па колькасці зямлі на едака) і таму неабходна было ўсё зрабіць па-новаму і зноў жа заплаціць, на гэты раз у Магілёў. А папярэднюю аплату, канешне, не залічылі.
З ліку жыхароў вёскі Іванішчавічы выдзеліўся пасёлак Іванішчавічы на адлегласці 2 вярсты ад вёскі і ў складзе 18 гаспадарак (78 жыхароў). У вёсцы Іванішчавічы засталося 127 гаспадарак і ў іх 731 жыхар.
У Прапойскім сельсавеце першыя пасёлкі з’явіліся ў Новай Слабадзе. Справа трохі замарудзілася пасля таго, як сярод жыхароў гэтай вёскі ўзнікла жаданне перасяліцца ў Саратаўскую губерню. Нават былі пасланыя хадакі, каб на месцы пазнаёміцца з магчымасцю перасялення. Вынік паездкі не задаволіў новаслабодцаў, яны вырашылі лепш застацца дома, хоць і на пясчаных у асноўным землях.
Высяленне на пасёлкі працягвалася ў 1925 годзе практычна ва ўсіх сельсаветах Прапойскага раёна.
Трэба заўважыць, што ў некаторых выпадках з падзелам адной вёскі на некалькі пасёлкаў сама вёска юрыдычна знікала. Але мясцовымі жыхарамі назва былой вёскі захоўвалася доўга. Так, вёска Нямільня падзялілася на 4 пасёлкі – Агеева, Станкі, Сяргееўка і Усход. Але і дасёння можна пачуць назву «Нямільня» ў размовах нашых землякоў.
ПРЫЕЗД А.Р.ЧАРВЯКОВА
Напярэдадні раянавання Прапойшчыну наведаў кіраўнік рэспублікі Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў – старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР. Разам з ім падарожнічаў вядомы беларускі паэт і палітычны дзеяч Міхась Чарот (Кудзелька). Газета «Савецкая Беларусь» змясціла нататкі з падарожнага блакноту пад назваю «1200 вёрст па Беларусі». 13 чэрвеня 1924 года ўсебеларускі стараста сустрэўся з насельніцтвам у Рэкце і Прапойску.
У Рэкце Чарвякова чакалі з самай раніцы. Сабралася вялікая грамада сялян. Сустрэча прайшла ў школе. Прагучалі няпростыя для ўлады пытанні: 1. Немагчыма дастаць лесу для будоўлі, і нават гнілога галля ці паламаных дрэваў узяць няможна. 2. Зямлі мала. Сяляне хочуць выехаць, а рэшта – выселіцца на хутары.
Невядома, што адказаў усебеларускі стараста, у газеце няма інфармацыі, акрамя той, што гутарка ішла больш за дзве гадзіны. Толькі адзін адказ удзельнікаў сходу ў Рэкце на пытанне Чарвякова занатаваны: «Як дзяліць зямлю? – Падушна! Усе хочуць падушна!».
Яшчэ ў Рэкце Чарвякоў і Чарот наведалі гаспадарку аднаго з сялян-яўрэяў. У гэтым быў палітычны разлік, бо пасля рэвалюцыі існавала цэлая праграма па далучэнню яўрэяў да сялянскай працы. Яўрэйскія сельскагаспадарчыя таварыствы арганізавалі і на Прапойшчыне. Праўда, да іх дзейнасці былі пытанні. Але сустракаліся пазітыўныя прыклады, якраз у Рэкце.
Надвячоркам таго ж дня кіраўніка БССР прывіталі ў Прапойску. Начальнік міліцыі аддаў рапарт. З-за недахопу часу адбылася толькі адна сустрэча з моладдзю, камсамольцамі і піянерамі. Як піша Чарот, была нават зроблена фатаграфія. Сёння яна нам невядомая. Можа, яшчэ знойдзецца ў архівах?
Тое, што ўбачыў старшыня ЦВК на Прапойшчыне, было характэрна для многіх мясцовасцей Беларусі. Вырашэнне азначаных праблем стала клопатам улады на ўсіх узроўнях, у першую чаргу – новаствораных раёнаў.
ПЕРАХОДНЫ ПЕРЫЯД
Пасля абвяшчэння аб стварэнні раёнаў і на час працы камісій па раянаванню ўлада на месцах заставалася ў ранейшых органаў, найперш валаснога ўзроўню. Мерапрыемствы праходзілі па зацверджаных з пачатку года планах. 10 жніўня 1924 года ў Прапойску адбыўся Дзень селяніна. Валасная ячэйка Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) арганізавала сходы ў мястэчку і 7 вёсках.
З 12 жніўня 1924 года ў Прапойску стаў працаваць гурток па ліквідацыі палітычнай няграматнасці. Сялян і рабочых заклікалі да ўступлення ў партыю, а моладзь – у камсамол. Разам з тым, існавала ўказанне прымаць толькі ідэйна бездакорных, а не тых, хто хоча атрымаць партбілет дзеля «начальніцкага партфеля». Адначасова з гэтым працягвалася «чыстка партыі».
На ўліку Прапойскага валаснога камітэта партыі ў жніўні 1924 года было 14 камуністаў. Архіўная даведка згадвае, што першая ячэйка бальшавікоў у Прапойску арганізавана 10 мая 1918 года матросамі, якія тады вярнуліся на радзіму. Налічвала яна 16 чалавек. У пачатку 1920 года большасць тутэйшых камуністаў пайшла на фронт ці ў іншыя месцы з-за паўстання на Прапойшчыне, а потым – з-за дзейнасці банд і наездаў палякаў. Другі раз ячэйка была ўтворана 8 мая 1921 года ў складзе 10 бальшавікоў. Многія з іх аказаліся не на вышыні становішча, таму адбыліся выключэнні з партыі. З ліку членаў ячэйкі 1921 года ў 1924 годзе ў Прапойску не засталося ніводнага, прыйшлі новыя члены.
Некаторыя з іх названыя ў архіўных дакументах. Гэта таварышы Асмалоўскі, Шэндзераў, Кутаркоў Пётр, Лісічкін Веніямін, Сафонаў Афанасій (кандыдат), Скачкоў Марк, Кацук Фёдар, Свецікаў Рафаіл, Валюжэніч, Ламянкоў, Аксёнаў, Ерафееў Мікіта з Ходарава. Узрост большасці з іх – 25-32 гады.
Кандыдат у члены партыі Афанасій Сафонаў яшчэ ў маі 1924 года трапіў у непрыемную сітуацыю. Сафонаў быў начальнікам міліцыі Прапойскай воласці. На яго як грубага кіраўніка паступілі скаргі і заявы ў розныя інстанцыі не толькі ад грамадзян, але і ад членаў партыі, старшыні местачковага савета і сакратара камсамольскай ячэйкі. Сафонаў прызнаваў сваю нетактычнасць і грубасць, але тлумачыў іх фактамі барацьбы са злачыннасцю і неабходнасцю цвёрдай улады. Не ўсе прапойскія таварышы пагаджаліся з такім падыходам да справы. Відаць, узніклі цяжкасці з узгадненнем кандыдатуры Сафонава на пасаду начальніка міліцыі раёна. Сам Сафонаў у такіх абставінах папрасіў накіраваць яго на вучобу. Разгляд просьбы перадалі ў вышэйстаячую арганізацыю. Што было далей – пакуль невядома, неабходна працягнуць архіўныя пошукі. Біяграфічныя звесткі пра Афанасія Сафонава скупыя: нарадзіўся ў 1897 годзе, адукацыя пачатковая, кандыдат у члены партыі з 1921 года.
З часу арганізацыі працы Прапойскага райвыканкама там узнікла фракцыя КП(б)Б у ліку трох таварышаў. Але рэальным органам улады стаў раённы камітэт партыі.
СТВАРЭННЕ РАЙКАМА ПАРТЫІ
Першы раённы партыйны сход адбыўся ў Прапойску 28 жніўня 1924 года. На ім сабраліся 14 камуністаў, 25 камсамольцаў і прадстаўнік акруговага камітэта партыі т. Волкаў. На гэтым сходзе быў абраны раённы камітэт у складзе трох таварышаў: Асмалоўскага (адзінагалосна), Шэндзерава (12 галасоў) і Кутаркова (7 галасоў). Кандыдатамі ў склад райкама выбралі Аксёнава і Ерафеева. Адказным сакратаром камітэта стаў Асмалоўскі Іван. Ён нарадзіўся ў 1893 годзе, паходзіў з сялян, меў пачатковую адукацыю, быў членам партыі з 1919 года. Па прафесіі – савецкі служачы. Ахарактарызаваны як актыўны, аўтарытэтны і прамалінейны таварыш.
У верасні 1924 года ў склад райкама партыі ўвайшоў важак камсамольцаў Дынаў, у канцы таго ж месяца далучыліся таварышы Кацук і Свецікаў.
Нажаль, сярод членаў партыі, у тым ліку ў складзе райкама, пачаліся ўзаемныя абвінавачванні ў розных злоўжываннях. Сакратар Асмалоўскі, які стараўся прывесці таварышаў да паразумення, трапіў пад агонь крытыкі з розных бакоў. У сувязі з гэтым акруговы камітэт прыняў рашэнне накіраваць у Прапойск новага сакратара райкама, старонняга чалавека з вялікім жыццёвым і партыйным вопытам, каб той уціхамірыў партыйцаў, ліквідаваў унутраную барацьбу і інтрыгі ў арганізацыі. Змена ўлады адбылася ў снежні 1924 года.
КАМСАМОЛЬСКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ
Першыя камсамольцы з’явіліся ў Прапойску ў 1919 годзе. Іх было 6-7 чалавек. У лістападзе таго ж года ячэйка распалася. Прыкладна праз два месяцы, на пачатку 1920 года ў Прапойск прыйшла 12-я стралковая брыгада 16-й арміі. Дзякуючы ёй камсамольская арганізацыя аднавіла сваю дзейнасць. Праца наладжвалася паступова. Акрамя мястэчка, камсамольскія групы стварылі ў Новай Слабадзе і Завад-Віравой (агульная), у Крамянцы і Краснай Слабадзе. Пасля ўтварэння Прапойскага раёна адбыўся рост арганізацыі: 70 членаў, з іх 45 яўрэяў і 25 беларусаў. Але ў 1924 годзе на Прапойшчыне моладзі камсамольскага ўзросту налічвалася не менш за 800 чалавек. Была пастаўлена задача павялічыць колькасць раённай арганізацыі Ленінскага камсамола Беларусі (ЛКСМБ).
Моцнымі камсамольскімі ячэйкамі раёна, акрамя Прапойскай, у 1924 годзе названы Старынская і Гайшынская. Слабай арганізацыяй лічылася Жарольская ячэйка, потым там адбыліся змены да лепшага. Увосень 1924 года ўзніклі дзве новыя ячэйкі ў Васькавіцкім і Ржаўскім сельсаветах. Ішла праца над стварэннем ячэек ЛКСМБ у Лапацічах і Бярозаўцы. Колькасць членаў камсамола ў раёне дасягнула 120 чалавек.
Праверка камсамольскіх арганізацый Прапойскага раёна прайшла пад канец 1924 года. У цэлым праца адзначана як станоўчая. Буйным недахопам правяраючыя назвалі пазіцыю камсамольцаў, як яўрэяў, так і беларусаў, у тым, што членства ў камсамоле не перашкаджае ім верыць у Бога. «Чаму камсамольцам нельга хадзіць у сінагогу ці царкву, хіба там дрэннаму вучаць?», – заяўлялі на Прапойшчыне. Акруговы камітэт камсамола назваў такую пазіцыю шкоднай і запатрабаваў ад райкама камсамола рашучай антырэлігійнай барацьбы.
Прапойскі райкам камсамола ў 1924 годзе складаўся з трох таварышаў – сакратара Дынава, Болатава і Самадзелава. Важаку камсамольцаў Дынаву быў 21 год. Біяграфічныя звесткі пра яго не знойдзены.
ШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ
З 1918 года на Прапойшчыне замест школ міністэрства народнай асветы і царкоўна-прыходскіх былі створаны адзіныя працоўныя савецкія школы. Пачатковая школа займела назву «школа 1-й ступені». Далей ішла 2-я ступень – сямігодка.
Школьная сетка працягвала пашырацца. Праўда, вопытныя настаўнікі-спецыялісты ігнаравалі новую школу або былі адхіленыя ад працы як «былыя» прадстаўнікі старога рэжыму. Нават слова «настаўнік» аказалася непажаданым: сталі ўкараняць слова «шкраб» (школьны работнік). Некаторыя настаўнікі змаглі прайсці перападрыхтоўку, актыўна ўключыцца ў грамадскае жыццё і такім чынам захаваць працу. Пры гэтым найважнейшым паказчыкам для іх біяграфіі было пралетарскае паходжанне. Так, загадчыкам Рабавіцкай школы стаў Восіп (Язэп) Якімавіч Сяргееў, 1886 года нараджэння, селянін, ураджэнец Быхава. Настаўнікам ён працаваў з 1908 года. Прызначэнне ў Рабавічы атрымаў увосень 1922 года. У 1923 годзе Сяргееў прайшоў курсы перападрыхтоўкі ў Гомелі. Быў вядомы як удзельнік акруговага з’езда Саветаў і Усебеларускага з’езда настаўнікаў.
Школьныя памяшканні на Прапойшчыне, як і ў іншых раёнах, выкарыстоўваліся дарэвалюцыйныя (напрыклад, Рабавіцкай, Іванішчавіцкай, Гіжэнскай, Васькавіцкай школ). Некаторыя будынкі пазначаны ў справаздачах як рэквізаваныя (былыя царкоўныя, памешчыцкія, хаты заможных сялян і інш.). На Устанным яшчэ ў 1918 годзе школай стаў дабротны будынак Апанаса Сідарэнкі, драўляны, крыты гонтам, даўжынёй больш за 10 метраў. У Лясной пад школу перадалі былы царкоўны будынак (зараз гэта Ляснянскі сельскі Дом культуры). На Улуках сяляне патрабавалі пад школу памяшканне ў памешчыцкім маёнтку, але справа ў 1924 годзе не была вырашана. Заняткі праходзілі ў наёмнай хаце з аплатай 6 рублёў за месяц. У наёмным памяшканні тулілася і Бярозаўская школа.
З утварэннем раёнаў пачалося будаўніцтва школ. У 1924 годзе новы будынак узвялі ў вёсцы Перагон і прысвоілі школе імя Клары Цэткін. Наогул, рэвалюцыйныя прысвячэнні сталі ўводзіць у практыку (Рабавіцкая школа імя М.І.Калініна, Баханская школа імя А.В.Луначарскага, таксама і Вяліказімніцкая школа імя А.В. Луначарскага. Тры школы насілі імя У.І.Леніна – Бязуевіцкая, Гіжэнская, Дубнаўская).
Апрача настаўнікаў з дарэвалюцыйным стажам з’явіліся маладыя шкрабы. У канцы снежня 1923 года на пасаду загадчыка Ржаўскай школы быў прызначаны Нічыпар Пятровіч Бурдылаў, беларус, селянін вёскі Ржаўка, нежанаты, скончыў Прапойскую сямігодку ў 1921 годзе. У тым жа снежні атрымалі накіраванне загадчыкі Прудоцкай і Рагаўской школ. У Прудку працаваў Антон Іванавіч Шаршнёў. Ён нарадзіўся ў 1895 годзе ў сяле Быч. Быў жанаты, гадаваў трое дзяцей. У Рагаўскую школу пасля заканчэння Рагачоўскіх педагагічных курсаў прыехаў Іван Іванавіч Рыжанкоў. Пры ім у выпускным класе займаліся 13-15-гадовыя падлеткі Рыгор Ціханавіч Разганаў, Хведар Дзям’янавіч Бажкоў, Якаў Ісаевіч Пусянкоў, Раман Аксёнавіч Галушчанка.
Настаўнікі нярэдка прасіліся на лепшыя, па іх меркаванні, месцы. У Васькавіцкую школу з 15 верасня 1923 года прыйшла на працу Ганна Фіёнаўна Лявонава. Яна паходзіла з сялян, нарадзілася ў Прапойску ў 1891 годзе. Была замужам, гадавала двое дзетак. У тым жа 1923 годзе на Улукі прыехала настаўніца Антаніна Антонаўна Жарына, 1899 года нараджэння, паходзіла з сялян Чавускага павета, скончыла настаўніцкую семінарыю ў 1916 годзе. Яе малодшая сястра, Вольга Антонаўна Жарына, прызначана на пасаду настаўніцы Лапаціцкай двухкамплектнай школы ў 1924 годзе.
Цікавыя звесткі пра загадчыка Лапаціцкай школы Кандрата Якімавіча Вярхова, які меў найбольшы стаж педагагічнай працы сярод шкрабаў раёна. Вярхоў нарадзіўся ў 1880 годзе ў Жлобіне, паходзіў з мяшчан, скончыў настаўніцкую царкоўную школу і стаў працаваць на ніве адукацыі з 1901 года. Прызначэнне ў Лапацічы атрымаў 1 мая 1917 года. Колькасць вучняў Лапаціцкай школы ў сярэдзіне 1920-х гадоў была ў межах 58-65 дзяцей ва ўзросце з 8 да 15 гадоў. Да абслугоўвання Лапаціцкай школай адносіліся тры вёскі, што падзяліліся на хутары, – Лапацічы, Пацяраеўка і Чыкаўка. Адзначана, што наведвалі школу не больш 25% з ліку дзяцей школьнага ўзросту.
Прафесія настаўніка набывала сямейны характар. У сярэдзіне 1920-х гадоў працавалі настаўнікамі Вяліказімніцкай школы муж і жонка Андрэйчыкавы – Панцялей Цімохавіч і Наталля Уладзіміраўна.
На шкрабаў раённая ўлада ўскладала шматлікія дадатковыя функцыі. У Баханскай школе з 1924 года працаваў Сямён Апанасавіч Глушакоў, мясцовы селянін 1894 года нараджэння. Ён скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча ў 1915 годзе. Для свайго часу гэта была значная адукацыя, таму Глушакова прызначылі ў склад сельсавета, супрацоўнікам хаты-чытальні, членам землеўпарадкавальнай камісіі, камітэта ўзаемадапамогі і рэвізійнай камісіі кааперацыі. Вядома, гэтыя абавязкі выконваліся бясплатна.
Актыўным памочнікам органаў улады на вёсцы быў настаўнік Бярозаўскай школы Пётр Андрэевіч Ляшчоў. Пра яго некалькі радкоў сказана ў раённай кнізе «Памяць». Зараз можна прывесці новые звесткі. Ляшчоў нарадзіўся ў сям’і селяніна в. Манастырок Чэрыкаўскага павета ў 1894 годзе. Скончыў гарадское вучылішча. Служыў у арміі, дэмабілізаваўся. У 1920 годзе стаў настаўнікам. Прызначэнне ў Бярозаўскую школу атрымаў 1 кастрычніка 1924 года. Настаўнік вучыў 67 дзяцей – 52 хлопчыкі і 15 дзяўчатак. Выкладаў наступныя прадметы: руская мова, беларуская мова, літаратура, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, грамадазнаўства, спевы, рысаванне і фізічнае выхаванне. Усяго 48 гадзін на тыдзень. У выпускным чацвёртым класе ў 1924 годзе займаліся 15-гадовыя падлеткі. Сярод іх былі Афанасьеў Васіль Ціханавіч, Іваноў Пётр Сідаравіч, Казлоў Сцяпан Цімафеевіч і Кручкоў Стафан Піменавіч. Апошні ў гэтым пераліку вучняў хутка стаў камсамольскім актывістам, сакратаром Бярозаўскай ячэйкі. У 1931 годзе Стафан Кручкоў узначаліў калгас «IX з’езд ВЛКСМ». Потым вывучыўся на настаўніка. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт добраахвотнікам і загінуў у 1942 годзе.
Адносіны сялян да школьнай адукацыі на Прапойшчыне былі рознымі. У асноўным настаўнікі мелі найбольшы аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў. Разам з тым, у некаторых вёсках адсталыя сяляне не разумелі важнасці адукацыі для сваіх дзяцей. Такія праявы зафіксаваны ў Васькавіцкім сельсавеце. Там працавалі тры школы – Васькавіцкая (104 вучні), Руднянская (48 вучняў) і Шаламоўская (52 вучні). Але каля 70 працэнтаў дзяцей беднякоў у школах не вучыліся. Падобная з’ява была паўсюдна. Адной з задач Савецкай улады стаў рух да ўсеагульнай пачатковай адукацыі. Праца ў гэтым напрамку вялася і на Прапойшчыне. Увосень 1924 года Прапойскі райкам партыі прыняў спецыяльную пастанову аб школьнай справе і шкрабах раёна. Асаблівая ўвага, акрамя матэрыяльна-тэхнічнай базы, удзялялася пытанням ідэалагічнага выхавання. Новы 1924/25 навучальны год у Прапойскім раёне пачалі 40 школ першай ступені.
Сярод непрыемных фактаў 1924 года зафіксаваны выпадак у Новай Слабадзе. Частка мясцовай моладзі чамусьці выступіла супраць настаўніка, але насельніцтва вёскі яго абараніла. Адхіліць настаўніка ад працы ў Новаслабодскай школе па патрабаванні камсамольцаў не атрымалася.
Асаблівасцю сістэмы школьнай адукацыі раёна 100 гадоў таму ў параўнанні з сённяшняй з’яўлялася праца нацыянальнай яўрэйскай школы. У Прапойскай яўрэйскай школе ў 1924 годзе займаліся 112 дзяцей. Працавалі дзве настаўніцы. Асноўная цяжкасць – недахоп падручнікаў і дапаможнікаў, якіх было 35% ад патрэбнай колькасці. Але школа развівалася, была асяродкам нацыянальнай культуры. У яўрэйскай школе існаваў хор і выпускалася насценгазета.
Дзеці яўрэяў наведвалі таксама рускія і беларускія школы і класы. Цікава, што некаторыя з іх знарок выбіралі вясковыя школы. У Рабавіцкай школе з 1922 года вучыўся Меер Янкелевіч (Марк Якаўлевіч) Кавалерчык, 1913 года нараджэння, сын гандляра м. Прапойск.
У 1924/25 навучальным годзе ў школах раёна пашырыўся камсамольскі і піянерскі рух. Адна з першых піянерскіх груп з’явілася ў Гіжэнскай школе па ініцыятыве настаўніка – кандыдата ў члены КП(б)Б.
КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКАЯ ПРАЦА
Асноўная культурна-асветніцкая праца праводзілася ў мястэчках Прапойск, Гайшын і ў сёлах Старынка, Рабавічы, Кульшычы, Целяшы, Бахань, Рэкта. Але і ў меншых вёсках што-кольвечы рабілася. Раённае кіраўніцтва патрабавала адкрыцця чырвоных куткоў у кожным сельсавеце і ў школах. У чырвоных кутках праводзілі лекцыі, ладзілі невялікія пастаноўкі (спектаклі), канцэрты.
Настаўнікаў абавязалі 2-3 разы на тыдзень збіраць вучняў і іх бацькоў для чытання газет. Падпіска на газеты таксама кантралявалася раённай уладай. Савецкія служачыя неадменна павінны былі выпісваць газеты. У Васькавіцкім сельсавеце ў 1924 годзе было выпісана 9 газет: «Звязда» (2 экзэмпляры), «Бедняк», «Соха и Молот» (таксама па 2 экз.), па адным камплекце – «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Магілёўскі селянін».
Цэнтрам культурна-асветніцкай працы быў Прапойск. Раённая ўлада стварыла спецыяльны орган – райпалітпрасвет («районный отдел политического просвещения»). З’явіліся гурткі па вывучэнні гісторыі партыі і інш.
1 кастрычніка 1924 года ў мястэчку адчыніў дзверы народны дом Прапойскага раёна – папярэднік сучаснага раённага Дома культуры і народнай творчасці. У ім працавалі гурткі для членаў прафсаюза. Актыўна дзейнічалі дзве драматычныя студыі – руская (на беларускай і рускай мовах) і яўрэйская (на ідыш). Лекцыі і спектаклі ладзіліся 1-2 разы на месяц, уваход на тэатральныя пастаноўкі быў платны.
Бібліятэка-чытальня Прапойскага раёна адчынілася 10 лістапада 1924 года ў будынку народнага дома. З гэтай даты можа адлічваць сваё быццё сучасная сістэма публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна. Хаця да 1918 года былі бібліятэкі ў навучальных установах і невялікія кніжныя склады ў школах Бахані і Рабавічаў. Пры Савецкай уладзе хаты-чытальні з’явіліся ў Прапойску, Гайшыне, Старынцы і Рабавічах.
Дарэвалюцыйная класічная, навукова-папулярная літаратура, белетрыстыка паступілі ў першую раённую бібліятэку. Кніжны фонд склаў каля 1300 экзэмпляраў. Праўда, Прапойскі райпалітпрасвет быў незадаволены малай колькасцю партыйнай літаратуры. Але фінансавання ў 1924 годзе не выдзялялася, новыя кнігі набыць не змаглі.
Другая публічная бібліятэка ў Прапойску (хата-чытальня) размяшчалася ў будынку сельсавета. Працавала кожны вечар, збірала шмат людзей. Але народны дом быў супраць працы гэтай хаты-чытальні (у дакументах прычына непаразумення адзначана як «рэўнасць» і «канкурэнцыя»). Раённая ўлада, безумоўна, падтрымлівала народны дом. У гэтай сітуацыі Прапойскі сельсавет планаваў перанесці хату-чытальню з мястэчка ў Новую Слабаду ці Завад-Віравую. Заўважу, што з ліквідацыяй Віраўскога сельсавета скончылася раздзяленне дзвюх вёсак Віравая і Завад, афіцыйнай назвай зноў стала Завад-Віравая. Аб тым, якое рашэнне і калі прыняў пленум Прапойскага сельсавета ў дачыненні да сваёй хаты-чытальні, мне ўдалося знайсці архіўныя дакументы, але як пастанова была рэалізавана – пакуль што не. Тым не менш сучасная Новаслабодская бібліятэка-філіял можа пачынаць падрыхтоўку да святкавання свайго 100-годдзя ў 2025 годзе.
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Агляд першых месяцаў гісторыі раёна па тых крупінках інфармацыі, што захаваліся ў архівах, дае нямала матэрыялаў для роздуму не толькі аб падзеях далёкага мінулага, але і аб сённяшнім дні, аб перспектывах будучага. Пры гэтым асабіста для мяне найважнейшым аказалася ўбачыць за скупымі радкамі дакументаў бурлівае жыццё, неспакой і клопаты нашых папярэднікаў. Думаю, што іх лепшыя якасці – любоў да роднай зямлі, сумленне, працавітасць, змаганне і ахвярнасць – добра было б засвоіць і нам.
Яшчэ хочацца, каб гэтая публікацыя мела працяг і зваротную сувязь. Каб чытачы раёнкі натхніліся на артыкулы пра сваіх продкаў, што жылі на Прапойшчыне ў 1920-1930-я гады. Пра тое, як яны, насуперак выпрабаванням, імкнуліся да лепшага жыцця, у якім маглі б «людзьмі звацца».