Мая Слаўгарадчына! Маё святло!
Да цябе, мая мілая, родная,
Да цябе, мая мужная, векапомная,
Сэрца любоўю гарыць, як цяпло!
Праз што, мая даражэнькая, табе прыйшлося прайсці,
Ведаеш адна ты адзіная, прыйшоў твой час, цяпер – свяці!
Прыгажэй, квітней, мая родная!
Хай бачаць і знаюць усе-усе,
якая ж ты, зямля Прысожская, і ніхто ні роўны табе!
Якія празрыстыя рэкі, зяленыя лясы, багатыя палі.
Людзі жывуць працаздольныя, якiя паважаюць свае карані.
Менавіта з гэтых радкоў майго верша хочацца пачаць свой зварот да моладзі і жыхароў раёна.
Я вельмі люблю маю маленькую радзіму – Слаўгарадчыну! Нарадзіліся тут мае бацькі, стварыла і я сваю сям’ю! Тут мае карані і кожны куточак заварожвае, калі ты з павагай адносішся да гісторыі і традыцый, якія нам перадалі нашы прадзеды.
Мне вельмі прыемна зараз назіраць, як наша моладзь дасягае перамог у вучобе, творчасці, стварае сем’і! І ўсё гэта разам крок у крок з нашай моцнай краінай!
Гэты год для нас вельмі багаты на вялікія даты і гістарычныя падзея. Адбыўся Усебеларускі народны сход, уся краіна адзначыла 80-годдзе Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Споўнілася 888 гадоў нашаму слаўнаму гораду і стагоддзе нашаму раёну. 10 ліпеня споўніцца 30 год інстытуту прэзідэнцтва. І гэта не проста даты, а новы пункт адліку ў развіцці ўсей краіны. 30 год разам з намі наш нязменны лідар па рэйтынгу народнага даверу, наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
У гэтыя святочныя дні прыемна казаць аб жыхарах нашага раёна, якія служылі і служаць годным прыкладам для кожнага з нас. Людзі розных пакаленняў, прафесій, поглядаў, якія ўмацоўваюць эканамічны патэнцыял нашай малой радзімы. Нас усіх аб’ядноўвае адно імкненне: ператварыць родную зямлю ў квітнеючы край, а Беларусь – у багатую, моцную краіну.
І для гэтага ёсць усё. Асабліва для моладзі адчынены ўсе дзверы: хочаш займацца спортам, калі ласка, усе ўмовы створаны для гэтага – танчы, спявай, малюй, вучыся, толькі не лянуйся!
Цяперашні час дыктуе свае ўмовы, вы ўсе ў гаджэтах, інтэрнэце. Ды і дарослыя “заліпаюць” у тэлефонах іншы раз больш, чым моладзь. А я вось памятаю, як мы збіраліся і гулялі ў “казакі–разбойнікі”, як ездзілі працаваць у калгас, збіраць бульбу. Ведаеце, гэтыя ўспаміны самыя добрыя!
Мы жывём у мірны час. Паглядзіце, як наша маленькая краіна стала сапраўднай, моцнай Дзяржавай! Толькі вось у гэты няпросты перыяд мы павінны слухаць сэрцам і душой і абавязкова думаць: “А што будзе заўтра?”. Спытаць сумленна ў сябе: “А што я зрабіў для краіны? Сваёй маленькай радзімы?!”.
За тое, што зараз маем, мы шчыра дзякуем нашым прадзедам, якія аддалі свае жыцці за нас, унукаў, праўнукаў Беларусі!
Я ўпэўнена, што патрыятызм, любоў да сваёй краіны ўцягваюцца з матуліным малаком, за што вялікі дзякуй маёй маці.
Калі ласка, дарослыя, не дайце згубіць нашы добрыя нацыянальныя традыцыі, нашу гісторыю, нашу Дзяржаву!
Моладзь! Размаўляйце па-беларуску, насіце вышыванкі, вучыцеся ў бабуль усім народным традыцыям і памятайце нашы сімвалы, блакітнае неба, рэкі, зялёныя лясы. І галоўнае – любіце Беларусь!
Будзьце разам са сваёй краінай!
З павагай, Вікторыя ГАРАДЗЕЦКАЯ.