У ААТ «Прысожжа» поўным ходам ідзе веснавая сяўба. Пасяўныя агрэгаты выйшлі на палі. У гэтыя адказныя красавіцкія дні закладваецца аснова будучага ўраджаю. Задача зразумелая: у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны справіцца з пасяўной. Аграрыі ўзялі высокі тэмп работ і маюць намер выканаць пастаўленыя задачы якасна.
Па словах агранома Арцёма Малахава, разам з сяўбой у гаспадарцы працягваецца апрацоўка глебы, падкормка азімых і збожжавых фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі.
Сяргея Шкутава мы заспелі ў полі, калі ён на МТЗ-3522 з бараной БЗ-11 апрацоўваў глебу да пасеву аўса. З пачатку пасяўной Сяргей Уладзіміравіч апрацаваў каля 400 га плошчы, прычым за папярэдні да нашага візіту дзень – 69 га. Механізатар, хоць і малады, але ўжо дастаткова дасведчаны – не першая пасяўная ў яго працоўным багажы.

Багата ААТ «Прысожжа» на маладыя кадры. Узворваннем пад збожжавыя ў гэтыя напружаныя дні пасяўной кампаніі займаецца Арцём Марусеў. На МТЗ 3022 з плугам ППА-8-40 узараў 10 гектараў і набраны тэмп зніжаць не збіраецца.

Гэта і зразумела, як выпрацуеш, так і заробіш. Таму малады працаўнік не стаў доўга з намі размаўляць і вярнуўся да свайго адказнага занятку.
– Пасяўная пачалася зладжана. Тэхніка выйшла ў палі, і праца накіравана на вынік. Дзень, які корміць год, нельга выпускаць.
Работнікі ў нас надзейныя, умеюць і любяць працаваць, тэхніка да пасяўной гатовая, насення ў дастатку.
— Калі надвор’е нам паспрыяе, будзем з добрым ураджаем, – лічыць галоўны аграном Аляксандр Зарэцкi. – І хоць нагрузка на аграрыяў у гэтыя дні сапраўды вялікая і аб’ём работ значны, але ўсё робіцца для таго, каб завяршыць сяўбу ў тэрмін і на належным узроўні. Марудзіць няма часу.Важна рацыянальна спланаваць працу і правільна арганізаваць кожнага механізатара.



Характэрна, што ў нашым раёне паміж сельгаспрадпрыемствамі існуе сістэма ўзаемадапамогі. Напрыклад, працаўнікам ААТ «Прысожжа» ў пасяўной тэхнічна дапамаглі агрэгатамі ў ААТ «Урэчанскі».
Прысожскія ж хлопцы гатовыя прыйсці на дапамогу калегам іншых гаспадарак, як толькі скончаць пасяўную на сваіх палях.
Няхай вясновая пасяўная пройдзе бясхмарна, паклаўшы пачатак багатаму ўраджаю.