Жывёлаводы на вёсцы – людзі шаноўныя, але праца ў іх вельмі клапатлівая. Таму зараз моладзь даволі рэдка абірае гэтую прафесію, а асноўны касцяк калектыву жывёлаводаў у многіх гаспадарках складаюць вопытныя кадры.

Яскравым прыкладам адданага служэння сваёй справе з’яўляецца аператар па дарошчванню і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ «Слаўгарадрайаграпрамтэхніка» Пётр Гаўрыленка.

Вялікую частку працоўнага жыцця ён аддаў сельскай гаспадарцы, дзе з 1997 года шчыраваў загадчыкам свінафермы, запраўшчыкам, а апошнія тры гады – даглядае цялят.

Гэты надзейны працаўнік належыць да ліку лепшых жывёлаводаў сваёй гаспадаркі. Гэта толькі на першы погляд работа жывёлавода здаецца простай і не патрабуе асаблівых намаганняў: пакарміў цялятак, памяняў ім падсціл – і вольны.

А калі гэтых самых цялятак больш за сотню галоў, як у майго субяседніка? Таму Пётр Іванавіч з самага ранку на нагах, пільна сочыць за сваімі падапечнымі і робіць усё для іх неабходнае, як таго патрабуе тэхналогія. Вынікам бездакорнага выканання абавязкаў сталі добрыя прывагі цялятак, якіх даглядае Гаўрыленка, – сярэднесутачныя складаюць больш за 800 гр.

На пытанне, як дабіўся такога выніку, мой суразмоўца ўсміхаецца:

«Працаваць трэба! Выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні, прычым своечасова. Зробіш усё як след, – і будзе толк!».

Вядома, што жывёлаводы павінны быць чуллівымі і клапатлівымі сябрамі жывёле, каб папярэдзіць непапраўныя змены ў іх стане. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Пётр Іванавіч, таму і на добрым рахунку ў кіраўніцтва прадпрыемства за сваю надзейнасць і адказнась.

Ды вось заахвочванняў у працаўніка амаль няма, хоць і вылучае яго кандыдатуру кіраўніцтва дзеля ўзнагароджвання на раённым узроўні. Будзем верыць, што гэтая недарэчнасць будзе выпраўлена. Бо, дзякуючы менавіта такім працаўнікам, наша краіна і мае харчовую бяспеку.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *