“Кожны народ піша сваю гісторыю, а ў ёй – гісторыя кожнага з нас” – так сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас адкрытага уроку, які ён праводзіў 1 верасня.

І з гэтымі словамі нельга не пагадзіцца, бо агульная гісторыя краіны складваецца з асобных лёсаў людзей, выдатных і простых, таленавітых і працавітых, знакамітых і звычайных.

Пра такіх звычайных жыхароў Слаўгарадскага раёна мы і будзем расказваць у праекце “Землякі”. Бо гісторыя нашага прысожскага краю – гэта лёсы простых беларусаў, якія заўсёды і пры любых абставінах захоўвалі нашы самабытныя звычаі і народныя традыцыі. У першым выпуску “Землякоў” – знаёмства з майстрыхамі вёскі Новая Слабада Кабінагорскага сельсавета.

Выхад на пенсію для кагосьці з’яўляецца доўгачаканым пазбаўленнем ад дакучлівай працы. Аднак, стаўшы пенсіянерамі і выпаўшы са звыклага працоўнага графіка, людзі пачынаюць задавацца пытаннямі: чым ім займацца далей, чаму прысвячаць сваё жыццё. Не адказаўшы на падобныя пытанні і не знайшоўшы новых цікавых спраў і заняткаў для сябе, многія з іх пераходзяць у рэжым пасіўнага існавання на канапе перад тэлевізарам.

На шчасце, здараецца гэта не з усімі: большасць пенсіянераў не лічаць свой узрост прысудам, а наадварот успрымаюць выхад на пенсію, як пачатак новага шматабяцаючага жыццёвага этапу.

З такой кагорты і нашы сённяшнія гераіні. У вольны час, які “падарыла” пенсія, яны пачалі адраджаць свае ранейшыя інтарэсы і творчыя заняткі. І вось што цікава: іх захапленні ніяк не звязаны з мінулай працай або ладам жыцця. Кожнай з іх паасобку прыйшла ідэя ўспомніць асновы рукадзелля, якому яны навучыліся ў дзяцінстве. Пакрысе ўзяліся за справу. Так і атрымалася, што гэтых аднавясковачак сёння аб’ядноўвае агульнае хобі – вышыўка. Яны ў адзін голас сцвярджаюць, што гэтае рамяство адцягвае іх ад жыццёвых праблем, перажыванняў і негатыўных думак.

Пачнём знаёмства з Галіны Фёдаравай. І яе бацькі, і яна сама – мясцовыя, усё жыццё пражылі ў Новай Слабадзе.

Рукадзеллем Галіна Аляксееўна захапілася яшчэ ў дзяцінстве, шматлікім прамудрасцям вышыўкі і вязання яе навучыла цётка, матуліна сястра. Аднак і маці нашай гераіні вышывала адмыслова. Як крыжыкам так і гладдзю выводзіла цудоўныя ўзоры на абрусах, рушніках, падузорніках, набожніках. Не думала Галіна Аляксееўна тады, што калі-небудзь працягне матчыну ды цётчыну справу. Але шляхі Гасподнія неспазнаныя.
Хоць і абрала сабе Галіна творчую прафесію, – пасля школы паступіла і скончыла Пінскае вучылішча па спецыяльнасці “ткачыха”, аднак усё жыццё працавала ў райбальніцы санітаркай. Марыла, канешне, застацца ў Пінску, аднак у лёса на яе былі іншыя планы. У бацькі былі праблемы са здароўем, і трэба было дапамагаць матулі яго даглядаць. Так яна вярнулася на малую радзіму.

– Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася – так у нас кажуць, – разважае Галіна Аляксееўна. – Што гаварыць пра тое “калі ды каб”?! Пустое гэта. Трэба дзякаваць Усявышняму за тое, што маем. Што і казаць, жыццё не было лёгкім. Гадавала дачушку Валянціну, інваліда дзяцінства. Дапамагалі, канешне, бацькі. Адпрацаваўшы ў райбальніцы 33 гады, выйшла на льготную пенсію. Пытання чым сябе заняць не стаяла.

Адразу рукі ўспомнілі тое, чаму навучыліся ў дзяцінстве. І пайшло-паехала. Накупляла нітак, пяльцаў, спіцаў, тканіны і пачала рукадзельнічаць. Спачатку вышывала гладдзю, а потым асвоіла крыжык. Першая мая вышыўка крыжыкам не захавалася. Гэта была невялічкая кампазіцыя з зайчыкам. Зараз яна знаходзіцца ў Бельгіі. Мая ўнучка Карына ездзіла туды на аздараўленне і падарыла карціну сям’і, якая яе прымала.

Жанчыны прызнаюцца, што ані дня не праводзяць без любімага занятку. Рукі з ранку просяцца за ювелірную работу, і працягваецца яна гадзінамі, часам справа так іх захапляе, што і паабедаць ці павячэраць забываюць. Але асалода ад любімага рамяства цешыць вока і грэе душу.

Сёння вынікі працы Галіны Аляксееўны ўпрыгожваюць кожны пакой у хаце. Карціны дадаюць фарбаў і пазітыву не толькі жытлу, але і жыццю майстрыхі і яе дачкі. А Валянціна між іншым таксама рукадзельнічае. Вельмі добра ў яе атрымоўваецца вязаць рознакаляровыя стракатыя кілімкі. Яны паўсюль: на крэслах, канапах, зэдліках – надаюць утульнасці і самабытнасці хатняй прасторы. А яшчэ з-пад яе рукі выходзяць адмысловыя карункавыя сурвэткі, якія яна вяжа кручком.

Калі мы наведалі Галіну Чарненка, яна была “на тэлефоне”.

У той дзень яе дачка Наталля адзначала дзень нараджэння. Маці павіншавала крывінку, а потым пахвалілася, што хутка наведаюцца журналісты мясцовай газеты, каб напісаць пра яе захапленні.А мы тут як тут. Што і казаць, з парога ўразіла разнастайнасць сюжэтаў вышытых карцін, буянства фарбаў і фантазіі майстрыхі.

Але гэта была яшчэ не ўся калекцыя Галіны Чарненка. Працягвалася яна і ў другім пакоі домаўладання. У чырвоным куце – лікі святых, якія сама вышыла Галіна Васільеўна. Яны блішчэлі і пераліваліся на сонцы.

– Яны не падобныя на звычайную вышыўку, гэта што за матэрыял, бісер? – запытала я.
– А вось здагадайцеся, – усміхнулася гаспадыня.
– Алмазная вышыўка? – выказала здагадку я.
– Так! – пацвердзіла суразмоўца. – Працаваць ў гэтай тэхніцы я вельмі люблю, хоць і карпатлівая гэтая справа, але ж занадта прыгожыя атрымоўваюцца карціны, як жывыя.

Галіна Чарненка родам з Віравой. Усё жыццё прапрацавала ў сельскай гаспадарцы. Цяжкай мазалёвай працы сама ніколі не цуралася, і прывучала калег працаваць так, каб не было сорамна за сваю работу.

Доўгі час яна рабіла загадчыцай фермы. Падначаленыя паважалі яе і бралі з яе прыклад. Галіна Васільеўна энергічны, жыццярадасны і вельмі пазітыўны чалавек, на месцы ёй цяжка ўседзіць. Таму пасля выхаду на пенсію пачала шукаць для сябе справу па душы. Трэба адзначыць, што наша гераіня заядлы аматар ціхага палявання. Грыбную пару яна чакае з нецярпеннем, ёсць у яе і свае “фірменныя” мясціны.

З вясны па восень завіхаецца на ўласным агародзе. Работа на зямлі ёй даспадобы, прызнаецца, што працуючы, адпачывае. Але гэтыя захапленні сезонныя. Таму неяк Галіна Васільеўна ўспомніла матчыну навуку, што вучыла яе ў дзяцінстве вышываць ды вязаць. Узяла нітку і іголку, зрабіла адзін шывок, другі, пяты, дзесяты – ажно рукі памятаюць вышывальную справу. Першае, што вышыла тады, два набожнічкі, якія падарыла сваёй сястры ў Маскву. З тае пары рукі нашай майстрыхі не супыняюцца.

На маленькія карціны хапае ёй і трох–чатырох дзён, а на большую – і тыдзень патрэбны. Дзіву даешся, як гэты энергічны чалавек можа гадзінамі сядзець практычна нерухома і займацца манатоннай справай.

– Вось такая метамарфоза са мной адбываецца, за работай я не заўважаю часу, яна так мяне захапляе, што немагчыма адарвацца, лічы прымушаеш сябе пайсці паесці альбо паспаць, – распавядае жанчына.

На сцяне я заўважыла невялікую карціну, намаляваную алеем. Яна была адна і вылучалася на фоне іншых. Бачачы мой інтарэс, гаспадыня дадала:

– Гэтую карціну мне падарыла дачка Наталля. Яна ў мяне натура творчая, хоць і працуе бухгалтарам. Нідзе маляванню не вучылася, але атрымоўваецца, на мой погляд, нядрэнна.
І гэта сапраўды так.

Падтрымліваюць матчына хобі і яе дзеці, унукі ў якасці падарунка заўсёды прывозяць ёй новыя карціны ці то для вышыўкі, ці то для алмазнай мазаікі. Усе гэтыя падарункі ўжо пераўтварыліся ў сапраўдную галерэю са сваёй душой і гісторыяй.

Марыя Кiрылкова – асоба ў раёне знакамітая. Ніводнага мерапрыемства не праходзіць, дзе б яе вышыванкі не ўпрыгожвалі выставы.

Аб яе прафесіяналізме сведчыць той факт, што вырабы яе маюць ідэальны выварат. Адразу і не скажаш, дзе, так бы мовіць, “твар” работы. Чаму б не прызнацца, мы ўжо сустракаліся з жанчынай і знаёмілі чытыча з яе захапленнямі. Але яе творчая скарбонка з тае пары значна павялічылася, і трэба было нагадаць чытачу, які чалавек “робіць прыгажосць” навокал.

Сустракала нас Марыя Іванаўна ў шыкоўным касцюме, які вышыла сваімі рукамі па ўласных эскізах. І не толькі для сябе, а і для свайго мужа Уладзіміра Пятровіча. Як прыбяруцца на свята – вачэй не адвесці. Яшчэ адзін камплект касцюма Кірылковы перадалі ў дар артыстам Новаслабодскага сельскага клуба.

А колькі вышыванак у Марыі Іванаўны! Гэта трэба бачыць. Усе ложкі прыбраныя, як тыя нявесты. На белым фоне навалак, падузорніка, пакрывала “расцвілі” з лёгкай рукі майстрыхі цуда-кветкі, аздобленыя нацыянальным арнаментам, які вянчаюць бялюткія карункі. Іх вышывальшчыца таксама навучылася рабіць сама. А раней – купляла ў краме.

Марыя Кірылкова родам з Гомельшчыны. Але амаль паўстагоддзя жыве ў Новай Слабадзе. На сваю радзіму прывез яе муж, з якім пазнаёміліся ў Гомелі. Разам пабудавалі дом. Марыя Іванаўна па адукацыі педагог, працавала выхавацелем у дзіцячым садку. Сеяла разумнае, добрае, вечнае. Потом працавала ў Новаслабодскім сацыяльным прытулку, адкуль і пайшла на пенсію.

Рукадзельнічаць пачала з дзесяці гадоў. З тае пары не спыняецца. На гэтае захапленне ў яе заўсёды ёсць час, жаданне і імпэт.

– Матуля навучыла мяне што і як рабіць. І я “захварэла” вышыўкай, вязаннем, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – У мой час быў татальны дэфіцыт на ўсё. А мы ж былі дзяўчынкі, хацелася, каб нешта прыгожае апрануць на зайздрасць сяброўкам. Дзякуючы матулі, у мяне гэта атрымоўвалася. А потым і сваім дзеткам шмат вязала адзення, заўсёды да Новага года рыхтавала для іх незвычайныя карнавальныя касцюмы.

Не спыняецца ў сваім захапленні Марыя Іванаўна і сёння. Доўгія зімовыя вечары для яе пралятаюць неўпрыкмет. За працай яна не ліча часу. На зімовыя канікулы чакае ў госці ўнучку Таццяну. Яна толькі пайшла ў школу, аднак паспела ўжо захапіцца бабулінай справай. Ёсць і пэўныя поспехі ў малой – на канікулах яна плануе завяршыць адну са сваіх вышыванак. Бабуля з гонарам паказала, як унучка робіць першыя поспехі ў карпатлівай і цікавай справе. А між тым пад стаць гаспадыні нашай і гаспадар. Як кажуць аднавяскоўцы, у Пятровіча нашага “залатыя” рукі, любую справу зробіць выдатна, да таго ж і безадмоўны, калі каму што трэба, усе ідуць да яго. Ведаюць, што абавязкова справа будзе зроблена як трэба. Ён таксама на заслужаным адпачынку, але дома яго не застаць. Ніводнае мерапрыемства ў Новаслабодскім сельскім клубе не абыходзіцца без гэтага заліхвацкага акампаніятара. А зімовая рыбалка для яго – асобы від адпачынку, задавальненне для душы. Дый і ўлетку вадаёмы раёна ведаюць яго не па чутках. Паасобку пра гэтую творчую пару казаць немагчыма. Яны прыклад таго, як пражыць недарэмна, цікава, з агеньчыкам і да таго ж прыносіць карысць людзям.

Пра жыццё Антаніны Ісмайлавай, напэўна, можна было напісаць кнігу.

Нарадзілася яна ў Новай Слабадзе ў сям’ і міліцыянера і даяркі. Скончыўшы васьмігодку ў 1967 годзе, падалася ажно ў сонечны Азербайджан, так бы мовіць, за кампанію. Знаёмыя дзяўчаты працавалі ўжо там на ткацкай фабрыцы. За імі і паехала ў свет. Вясковую дзяўчыну гасцінна сустрэў горад Мінгечаўр, дзе яна паступіла і паспяхова закончыла політэхнічны тэхнікум.

Яшчэ студэнткай сустрэла сваю другую палову – ваеннаслужачага Генадзя, з якім згулялі ў хуткасці вяселле. Потым нарадзілася дачушка Алена. Падгадаваўшы малую, Антаніна ўладкавалася працаваць на ткацкую фабрыку, бо па спецыяльнасці была тэхнік-тэхнолаг ткацкай вытворчасці.

На фабрыцы давялося працаваць на розных участках, работа была адказная, напружаная, але Антаніна Адамаўна хутка ўздымалася па службовай лесвіцы, кіраўніцтва фабрыкі вельмі цаніла яе як кваліфікаванага спецыяліста. Але падчас чарговай прапановы кіраўніцтва наконт яе павышэння, наша гераіня адмовілася. Прычынай таму стаў муж, які вырашыў забраць жонку да сябе ў ваенную частку.

Так Антаніна Адамаўна стала ваеннаслужачай, працавала ў сакрэтным аддзеле. Энергічная, з пачуццём гумару і ўменнем сябе падаць наша субяседніца стала актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці.
Служба для сям’і Ісмайлавых праляцела неўпрыкмет. Вырасцілі траіх дзетак. Выйшлі на пенсію. Здавалася б, служба ў частцы і вязанне – паняцці не зусім сумяшчальныя. Я вас напэўна здзіўлю, але вязаць Антаніна Адамаўна пачала дзякуючы свайму мужу.

Аднойчы ён падарыў ёй на свята вязальную машыну. Мала таго, першы асвоіў цуда тэхнікі і навучыў жонку ім карыстацца.

З 1976 года, калі быў зроблены падарунак, вядзе адлік свойго хобі наша гераіня. Чаго толькі яна не звязала за гэты час, колькі нітак спляла ў мудрагелістыя ўзоры, ужо ніхто і не падлічыць. А эскізы знаходзіла ў папулярным на той час часопісе “Работніца і сялянка”.

Але не толькі муж, яшчэ і гены адыгралі сваю ролю. Матуля Антаніны была таксама адмысловай майстрыхай. Вельмі шкадуе наша гераіня, што недзе быў згублены матчын дыван, які дарагі ёй як памяць аб родным чалавеку.

На чорнай тканіне маці вышыла вялізнага стракатага паўліна. Дываны ў той час былі дэфіцытным таварам. На памяць ад матулі ў жанчыны застаўся только белы карункавы каўнерык, якому амаль паўстагоддзя. Гэтую рэліквію дачка беражліва захоўвае.

Так склаўся лёс, што пасля пенсіі Ісмайлавы вырашылі пераехаць у Новую Слабаду, у бацькоўскую хату Антаніны Адамаўны.

Займаліся агародам, жылі для сябе, радаваліся поспехам дзяцей і ўнукаў. Але два гады таму Ганадзя Ісмаілавіча не стала. Антаніна Адамаўна засталася адна і да гэтага часу перажывае страту. Адзінота і пустэча сталі яе спадарожніцамі. І каб не так востра іх адчуваць, жанчына рукадзельнічае.

У яе атрымоўваюцца вельмі прыгожыя вырабы з нітак – шапкі, камізэлькі, манішкі, рукавіцы, а яшчэ каўнерыкі, так бы мовіць, “па матчынаму рэцэпту”, сурвэткі і шмат чаго яшчэ. Усё гэта яна ад душы раздае суседзям, знаёмым, іхнім дзеткам. Яе дабрыні і клопату хапае на ўсіх.

Дзеці Антаніны Адамаўны хоць і далёка ад яе, але па некалькі раз на дзень, што завецца, на дроце. Дачка жыве ў Галандыі, але атуляе матулю клопатам, нібы знаходзіцца побач. Часцяком адпраўляе нашай гераіне ўборы, а таксама ніткі для вязання, што потым пераўтвараюцца ў канкрэтныя рэчы, якія яна так акуратна вяжа, нібыта машынкай.

Захапленне вязаннем стала для яе свайго роду антыдэпрэсантам, магчымасцю абстрагавацца ад смутку і журбы. Дый песні, творчыя пасядзелкі з калегамі – удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Новаслабодскага клуба – падтрымліваюць жанчыну.

З моманту заснавання ансамбля “Весялуха” Антаніна Адамаўна з’яўляецца актыўнай ягонай ўдзельніцай.

Вось такія яны – новаслабодскія аднавясковачкі. Усе розныя, кожная са свам лёсам, сваімі праблемамі, поглядамі на жыццё. Але адзіныя ў сваім захапленні, у жаданні напоўніць сваё жыццё сэнсам і карысцю, знаходзяць сілы пераадольваць цяжкасці і шукаюць радасць у кожным дне.

Шчырыя, самабытныя, дабразычлівыя, спагадлівыя, натхнёныя, пазітыўныя і творчыя – такімі я іх убачыла.

Так складваецца, што ў грамадстве адчуваецца востры, калі дазволіце, дэфіцыт на такія паняцці, як добразычлівасць, адкрытасць, адсутнасць зайздрасці і здольнасць радавацца за суседа, знаёмага дый любога чалавека. Мы сёння чамусьці забываем, што дарыць куды прыемней, чым атрымліваць. Нас захапіла матэрыяльнае, тое, што можна набыць альбо прадаць. Мы імкнемся “пераплюнуць” суседа: набываем маднейшую вопратку, шукаем аўтамабіль з наваротамі і памылкова лічым, што становімся шчаслівымі.

А ці гэта шчасце? Насамрэч мы становімся палоннымі грошай, прэстыжу, не жадаем адстаць. І страчваем пры гэтым тое нематэрыяльнае, што колісь нашыя дзядулі, бабулі аберагалі, шанавалі спрадвеку.

А гераіні нашага матэрыяла – яны іншыя. Яны бачаць шчасце не ў сучасных аўто ці пафасных маёнтках. Яны багатыя душой.

Так, мы ўсё радзей узгадваем пра яе. Пра душу. А яна не павінна быць пустой. І вось такія жанчынкі шчыра дораць цеплыню сваёй душы нам, кожнаму, хто возьме ў рукі прыгажосць, зробленую імі.

А ці ёсць у цябе, паважаны чытач, справа, якой ты аддаеш увесь свой вольны час? А можа побач жыве сусед ці суседка, у руках якіх любая справа спорыцца. Пішы нам альбо тэлефануй. І яны абавязкова стануць чарговымі героямі нашага новага праекту “Землякі”. Чакаем водгукаў!

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *