Кастусь КІРЭЕНКА – беларускі празаік, паэт, публіцыст, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы, Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы.
Кастусь (Канстанцін Ціханавіч) Кірэенка нарадзіўся 12 снежня 1918 года у вёсцы Гайшын ў сялянскай сям’і. У 1934 годзе скончыў Гайшынскую сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, дзе правучыўся толькі адзін год. У 1940 годзе скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Выкладаў мову і літаратуру ў Гарадзецкай СШ Быхаўскага раёна. Вясной таго ж года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Да ліпеня 1941 года – вежавы стралок у танкавым экіпажы, затым да сакавіка 1945 года – карэспандэнт баявога аддзела армейскай газеты “За Родину”. Кастусь Кірэенка ўдзельнічаў у абароне Масквы, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў часопісе “Беларусь” (1945–1962 гг.), з 1962 года – быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”, у 1972–1986 гадах – галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. У 1980–1985 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1969 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Кастусь Кірэенка ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, ЛітССР і ЛатССР, медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970 г.).
Друкавацца пачаў з 1939 года. Першы яго верш “Радзіма” з’явіўся на старонках “Гомельскай праўды”.
Творчасць К.Кірэенкі непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. “Ранак ідзе”, 1945 г.). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зборнікі “Пасля навальніцы” (1947 г.), “Мая рэспубліка” (1949 г.), “Маякі”, “Родны свет” (абодва ў 1952 г.), “Любоў і дружба” (1955 г.), “Светлая хваля” (1959 г.). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філасофскіх разважанняў над праблемамі часу: кніга “Смага” (1962 г.), “Цёплая радуга” (1966 г.), “Кніга ста песень” (1971 г. ), “Слухайце ластавак” (1974 г.), “Сіні вырай” (1976 г.), “Вёсны веснаваць” (1983 г.), “Калыска вятроў”, “Надзея” (1985 г.), ліра-эпічная паэма “Трыпутнік” (1976 г.). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў: “Ручаіны шукаюць ракі” (1967 г.), “Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма” (1988 г.), публіцыстыкі “Амерыка здалёку і зблізку” (1971 г.), успамінаў і эсэ “Заўсёды з Радзімай” (1980 г.). Пісаў для дзяцей: паэма “Алёнчына школа” (1951 г.), зборнікі вершаў і паэм “Зялёнае рэха” (1953 г.), “Прысяга” (1969 г.), “Размова з капітанам” (1987 г.), зборнік апавяданняў “Алесева кніжка” (1972 г.).
На вершы К.Кірэенкі напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш.
Памёр 15 верасня 1988 года. На доме ў Мінску, дзе ў 1977–1988 гадах жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Павел ВЕРАБ’ЁЎ – беларускі паэт, член Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Нарадзіўся 7 лістапада 1958 года ў вёсцы Рабавічы. Пасля заканчэння школы ў 1976–1985 гадах працаваў у слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977–1983 гадах завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1985–1987 гадах быў слухачом Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987–1991 гадах — рэдактарам аддзела часопіса “Народная гаспадарка Беларусі”, загадчыкам сектара друку ЦК ЛКСМБ, адказным сакратаром газеты “Чырвоная змена”, намеснікам рэдактара газеты “Знамя юности”, вядучым рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”. З 1991 года Павел Віктаравіч – галоўны рэдактар газеты “Знамя юности”, з 1992 года – намеснік галоўнага рэдактара газеты “Добры вечар”, з канца 1994 года – аглядальнік газеты “Мінская праўда”. Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Літаратурную працу Павел Вераб’ёў пачаў у 1976 годзе. Першыя вершы надрукаваў у слаўгарадскай раённай газеце. Публікаваўся ў магілёўскай абласной газеце “Магілёўская праўда”, газетах “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Маладосць”.
У 1990 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік вершаў “Крытычная маса”.
У асобе Паўла Вераб’ёва беларуская паэзія мае прыклад супадзення характару творцы з ягонымі вершамі. Гэта паэзія стрыманая ў пачуцці і ўзважаная розумам, прапушчаная праз сэрца і ахалоджаная канкрэтным жыццём, няўмольным побытам. Вершы, у якіх пераважае розум і памкненне спасцігнуць сэнс жыцця і вечнасці, аскетычна-дакладныя.
У 1995 годзе выйшаў другі зборнік вершаў “Цёмнае віно”. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ў мінскім Доме літаратараў. На творчай вечарыне Паўла Вераб’ёва яго вершы чытаў артыст Павел Дубашынскі, цёплыя словы пра аўтара “Цёмнага віна” казаў вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Васіль Зуёнак, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Пісьмянкоў, паэт Анатоль Зэкаў і іншыя сталыя і маладыя пісьменнікі, якія адзначылі прыкметны творчы рост Паўла Вераб’ёва, яго спакойны немітуслівы розум у шматлікіх паэтычных радках.
Пра свае Рабавічы, пра “край-свет”, пасля ўжо чарнобыльскай пары, Павел Вераб’ёў напісаў няшмат. Але важка. У калектыўнай кніжцы “Прайсці праз зону” (2001 г.), выдадзенай у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, – цыкл яго вершаў, пранізаны і болем, і надзеяй, і верай. І клопаты землякоў паэту не чужыя.
У 2005 годзе выйшаў трэцці зборнік вершаў і эсэ “Не трэба вас…”, у якім аўтар паспрабаваў па-свойму распавесці нам пра жыццёвую мудрасць свайго радаводу.
Павел Вераб’ёў – паэт з арыгінальнай манерай пісьма. Жыве ў Мінску. З’яўляецца членам Мінскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.