У мінулы панядзелак працоўны калектыў філіяла ліцэя сустрэўся з кіраўніцтвам раёна. Сустрэча ладзілася з тым, каб разам знайсці накірункі ў перспектывах навучальнай установы.
«Сёння час патрабуе па-новаму арганізоўваць навучальны працэс. Быць, так бы мовіць, мабільнымі. Рынак не стаіць на месцы, а вашыя канкурэнты змагаюцца лічы за кожнага патэнцыяльнага навучэнца. Таму я бачу тыя моманты, на якіх калектыву трэба зрабіць мазгавы штурм і смела рушыць уперад», – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта.
Дырэктар філіяла Аляксандр Аўчыннікаў выказаў удзячнасць за падтрымку калектыва і давёў, як сваё будучае бачыць апошні. А яно, прагучала ў прамове, мае канкрэтныя захады, у рэалізацыі якіх, праўда, неабходна падтрымка.
Яе Сяргей Міхалюта паабяцаў: «Але і вы павінны не чакаць з неба падарункаў. Мы дапаможам, калі будзе знойдзены карэнным чынам абдуманы план па развіццю ўстановы», – адзначыў кіраўнік раёна. – А пакуль я лічу галоўным, над чым трэба папрацаваць, – гэта камплектацыя навучэнцамі на наступны год».
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму Наталля Голік.