Да Дня беларускай мовы, які адбыўся 21 лютага біліятэкар Бальшазімніцкай бібліятэкі Шамалава Галіна сумесна з настаўнікам гісторыі Языковай Ірынай правялі пазнавальную гадзіну “Самая цудоўная мова на свеце!”. Сёння ў свеце шмат моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Для нас, беларусаў, роднай мовай з’яўляецца – беларуская мова.
Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць свае казкі і казкі іншых народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў. Безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць ўсё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш ўсё беларускае.
А як нам лепш вывучыць беларускую мову? Трэба слухаць і гаварыць з тымі, хто ведае яе. Трэба глядзець телеперадачы, слухаць беларускае радыё, чытаць кнігі на беларускай мове. Трэба прыслухоўвацца да роднай мовы і назапашваць усё самае цікавае, што засталося нам у спадчыну. Трэба добра навучыцца валодаць беларускай мовы, каб перадаць яе у спадчыну сваім дзецям і унукам.