У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва, які быў прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праходзіў у раёне ў мінулы чацвер, інфармацыйная група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аленай Шаўцовай сустрэлася з працоўным калектывам вузла паштовай сувязі РУП “Белпошта”.

“Перамога. Незалежнасць. Памяць” – такім гістарычна-патрыятычным кантэкстам была пранізана асноўная тэма, па якой выступіла кіраўнік групы.

– На беларускай тэрыторыі кровапралітная вайна доўжылася доўгія 3 гады 1 месяц і 6 дзён, — адзначыла Алена Міхайлаўна. — Рыхтуючыся да вераломнага нападу на Савецкі Саюз, нацысты планавалі пакінуць у Беларусі толькі кожнага чацвёртага для выкарыстання ў якасці паднявольнай рабочай сілы. Астатнія 75% падлягалі знішчэнню ці высыланню. Няма такой сям’і, якую абмінулі пакуты і жахі ваеннага ліхалецця. Дзякуючы масаваму гераізму нашых дзедаў і прадзедаў, мы маем вялікае шчасце жыць у незалежнай і свабоднай краіне. Але доўгачаканы Дзень вызвалення каштаваў нашаму народу неймаверных намаганняў і каласальных ахвяр. Падчас нацысцкай акупацыі ў Беларусі з 9,2 млн. насельніцтва загінуў кожны трэці яе жыхар. Выступоўца таксама агучыла, як раён рыхтуецца да знамянальнай даты, спынілася на раённых мерапрыемствах і запрасіла ўсіх прыняць у іх актыўны ўдзел.

Падчас сустрэчы былі разгледжаны і іншыя важныя пытанні. Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Галіцкі агучыў аператыўную абстаноўку ў вобласці з пажарамі і нагадаў пра бяспеку дзяцей на канікулах. У працяг кіраўнік групы акцэнтавала ўвагу прысутных на бяспецы падчас знаходжання на вадаёмах.

Як застрахаваць здароўе і маёмасць, якія паслугі прапануе ў гэтым накірунку “Белдзяржстрах”, распавяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ала Воранава.

Тэму дэвіянтных паводзін у падлеткаў раскрыла спецыяліст сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аксана Гарэлікава. На летняй занятасці школьнікаў спынілася галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Грамыка.

Апасля гэтай сустрэчы Алена Шаўцова правяла выязны асабісты прыём грамадзян у Гіжэнкаўскім сельвыканкаме, дзе таксама праінфармавала вяскоўцаў па асноўных тэмах дня.

Святлана БЯЛЯЕВА.

Поделиться