Вітаю цябе, наш падпісчык, чытач, той, каму цікава, чым жыве Слаўгарадчына, яе жыхары. Надышла пара, мяркую, зноў нам пагутарыць. Па-першае, нагадаю, што поўным ходам ідзе падпісная кампанія на другое паўгоддзе, трэці квартал. Мы шчыра дзякуем кожнага, хто застаецца з “Прысожскім краем” і робіць падпіску на выданне. Такім чынам вы, паважаныя падпісчыкі, дапамагаеце нам існаваць, разлічвацца за паслугі пошты, іншых партнёраў. Мы разумеем, што ні ў каго лішніх грошай няма, таму будзем рабіць усё, каб газета па-ранейшаму была ціківай, насычанай інфармацыйна і, як абавязак, толькі аб’ектыўнай. Нам прыемна, што ваш давер мы не згубілі. А пацверджанне таму тэлефонныя размовы з падпісчыкамі, падчас якіх мы атрымліваем самае каштоўнае для нас – вашыя думкі, парады, рэкамендацыі. Мы абавязкова будзем рабіць газету для вас, пра вас, пра наш прысожскі край.
Да заканчэння падпісной кампаніі застаецца крыху больш тыдня. Не адкладвайце на заўтра, звярніцеся да паштальёна, завітайце на вузел паштовай сувязі, да нас у рэдакцыю, каб падпісацца на раёнку.
Мы праводзім дні падпісчыка амаль кожны дзень. І вельмі ўдзячныя кіраўнікам устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, дзе ладзяцца сустрэчы, за ўзаемаразуменне, падтрымку. Нам важны кожны чытач, падпісчык. Мы разумеем, што сёння ў час гіперхуткасцяў не кожны можа сабе дазволіць разгарнуць старонкі папяровай версіі газеты, а шукае інфармацыю ў інтэрнэце. Мы надаем увагу і лічбавай версіі “Прысожскага краю”, але манетызацыя яго нам яшчэ толькі прадстаіць. Таму інтэрнэт-версія раёнкі пакуль значных сродкаў рэдакцыі не прыносіць. А падпіска на друкаваны варыянт дазваляе рэдакцыі разлічвацца па рахунках.
Хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін факт з нашага жыцця. Зусім нядаўна, аб гэтым мы таксама пісалі на старонках “ПК”, у рамках рэалізацыі ініцыятывы праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” нам удалося добраўпарадкаваць дваравую тэрыторыю па вуліцы Калініна, усталяваць дзіцячыя пляцоўкі, высадзіць мноства дэкаратыўных дрэў і кустоў. Паціху расліны набіраюць моц, дзятва катаецца на карусельках, усё, здавалася б, добра. Але ж… Нехта палічыў, што лістоўніца, туя і некаторыя іншыя расліны тут будуць лішнімі, і выкраў іх ноччу. Вар’яцтва чыстай вады. Як стала вядома, цэлая серыя такіх фактаў пракацілася па горадзе. Дрэвы, кусты, кветкі няшчадна выкапваюцца і знікаюць. Якім трэба быць аматарам прыроды і заўзятым прыхільнікам прыгажосці, каб пайсці на крадзёж. Не ў чалавека, у грамадства крадзеце. Няўжо такая прыгажосць будзе радаваць вока злачынца?! Мяркую, гэтае пытанне будзе рытарычным. Сёння ў нас грамадства даволі адукаванае. І гэта толькі радуе. Але часам і выклікае расчараванне: не кожны адукаваны з’яўляецца выхаваным. Няўжо ў нашым грамадстве прыгожым лічыцца тое, што нельга зламаць, выкрасці? Не абвінавачваю нікога канкрэтна, не імкнуся пакрыўдзіць. Але ад прапановы сувязістаў усталяваць відэаназіранне на прыдваровую тэрыторыю жыхары нашага дома наўрад ці адмовяцца. Нажаль, сёння мы вымушаны назіраць адзін за адным, каб пазбегнуць вандалізма, крадзяжу і іншых негатыўных праяў.
Не хачу заканчваць свой спіч мінорам. Таму, паважаны чытач, звяртаюся да цябе: яшчэ раз дзякуй за давер, заставайся з намі. І, як сёння даводзіцца чуць і бачыць у інтэрнэце, стаўце “лайкі”, падпісвайцеся на наш канал. Ён у нас, дарэчы, таксама існуе і развіваецца. Усім нам поспехаў і дабра.
З павагай ваш Уладзімір РЫЖАНКОЎ.