Спякота і хранічная адсутнасць дажджу не ідуць на карысць ні прыродзе, ні чалавеку. Тым больш, калі аграрыі занятыя на адным з асноўных відаў работ – касавіцы. Назапасіць корму жывёліне з траў першага ўкосу – задача першачарговая. Але надвор’е, якое калі не анамальна спякотнае, то блізкае да гэтага, паліць травастой, не даючы яму наліцца. Мы завіталі ў ААТ “Прывольны агра”, дзе на палетку шчыравалі работнікі таварыства, занятыя на корманарыхтоўцы.
“Тэмпература блізкая да 30 па Цэльсію нам не накарысць. Прыходзіцца, зыходзячы з умоў, паскараць тэмпы ўборкі. Дый сіноптыкі не прагназуюць дажджу. Такім чынам, забяспечыць жывёліну кормам на зімне-стойлавы перыяд будзе архіняпроста. Але і тое, што прырода нам дала, і пры дапамозе выканання агратэхнічных рэгламентаў мы здолелі вырасціць, абавязкова збяром і захаваем. Нездарма на касавіцу ў нас накіраваныя лепшыя кадры, тэхніка”, – адзначае дырэктар таварыства Таццяна Кухарава.
Зразумець трывогу і заклапочанасць кіраўніка нескладана. Але і тэмпы, якімі ідзе касавіца ў “Прывольным агра”, – не з горшых. Больш за 45 % плана ўжо сабрана. А гэта ў тонах дзесьці каля 1600. І па прагрэсіўных тэхналогіях план у 500 тон гаспадаркай выкананы. Менавіта столькі корму захавана ў плёнку.
Бесперапынны амаль канвеер можна назіраць сёння ў гаспадарцы. Трава косіцца, падварушваецца, змяльчаецца, адвозіцца ў сянажныя траншэі, прэсуецца. І за ўсім гэтым стаяць людзі, работнікі, прафесіяналы.
Паралельна тут ідуць і іншыя традыцыйныя работы: вывазка і ўнясенне арганікі, хімпраполка, узворванне, сяўба розных культур. Рыторыка ў кіраўніцтва гаспадаркі зразумелая: кожны кавалак зямлі трэба выкарыстаць з максімальнай эфектыўнасцю.
Мы пацікавіліся, хто ж канкрэтна сёння заняты на касавіцы ў таварыстве, на каго кіраўніцтвам ускладзена надзея і сур’ёзная адказнасць. Як стала вядома, гэта надзейныя работнікі як вопытныя, так і даволі маладыя. Сярод іх: Валерый Дамброўскі, Віктар Макаранка, Кірыл Храмянкоў, Аляксандр Шусцікаў, Сяргей Краўцоў, Віталь Дарошчанка і Аляксандр Макаранка. Гэта звяно, па словах галоўнага агранома Аляксандра Кухарава, уяўляе сабой прыклад зладжанага калектыву аднадумцаў, надзейных партнёраў, сяброў.
“З гэтымі хлопцамі па сілах самыя амбіцыйныя задачы”, –прызнаецца і дырэктар таварыства Таццяна Рыгораўна.
Што ж, хочацца толькі падтрымаць гэтых людзей. Злавіў сябе на думцы, што не кожны, нават самы дужы фізічна чалавек, зможа ў спякоце і пылу пад пякучымі прамянямі сонца шчыраваць цэлы дзень. А гэтыя хлопцы – здольныя! Дзякуй вам за вашу працу! Дапамагай вам Гасподзь!
Уладзімір РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.