У мінулы чацвер Слаўгарадчыну з рабочым візітам наведала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч.

У ходзе візіту яна сустрэлася з калектывам рэдакцыі. Размаўляючы з калегамі, Ірына Барысаўна ахапіла шырокае кола пытанняў. Гаворка ішла пра інфармацыйную бяспеку краіны, дзейнасць БелТА, наладжванне зваротнай сувязі з агенцтвам і іншае. Гэтаксама былі абмеркаваны рабочыя моманты. У размове прынялі ўдзел і прадстаўнікі раённай улады.

Пасля ў райвыканкаме сенатар правяла «прамую тэлефонную лінію» і прыём грамадзян.

У другой палове дня Ірына Акуловіч прыняла ўдзел у мерапрыемстве “Сучасная моладзь – надзея і апора”, якое праходзіла ў кінатэатры “Радзіма” з удзелам вучняў старэйшых класаў гарадскіх школ. У фае госця азнаёмілася з выставамі “Асноўны Закон краіны” і “Радзімая слаўгарадская зямля” – часцінка нашай любай Беларусі”, якія падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі.

Улічваючы той факт, што мерапрыемства праходзіла напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Ірына Барысаўна павіншавала моладзь з гэтай знамянальнай для краіны, для кожнага яе грамадзяніна датай. Адзначыла, што 25 год таму быў прыняты Асноўны Закон, што стала важным крокам у станаўленні маладой беларускай дзяржавы. Яна пажадала моладзі дабра, шчасця, міру і дасягнення  намечаных мэтаў на карысць сваёй краіны, сваёй малой радзімы.

Выканала сенатар і ганаровую місію – уручыла маладзёжныя білеты новага ўзору членам БРСМ – таленавітым і ініцыятыўным юнакам і дзяўчатам.

У мерапрыемстве таксама прымалі ўдзел: старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Аляксандр Аўчыннікаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава.

Супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі была праведзена гадзіна прававой інфармацыі “Ёсць мноства законаў, але галоўны – адзін”, якая прысвячалася юбілейнай даце. Школьнікі зрабілі экскурс у гісторыю, каб больш падрабязней даведацца пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Выступленне вядучых суправаджалася дэманстрацыяй мультымедыйнай прэзентацыі.

Тэкст і фота

Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться