Прафсаюзны актыў раёна на мінулым тыдні прыняў удзел у пасяджэнні Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое праходзіла ў кінатэатры “Радзіма”. Яно было свайго роду выніковым, бо галоўнае пытанне, якое выносілася на абмеркаванне, тычылася работы райаб’яднання за год мінулы і задач на 2019 год. У склад прэзідыума ўвайшлі: старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка, саветнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай і кадравай работы апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Валянціна Шэргілашвілі, загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Ірына Ліпчанка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Салдаценка і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Іванова.

Святлана Дзенісенка прывітала калег і пачала справаздачу па галоўнаму пытанню пасяджэння.

Яна адзначыла, што прыярытэтныя задачы прафсаюзаў – гэта рост дабрабыту, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу на аснове павышэння эфектыўнасці функцыянавання сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры, удасканаленне сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця.

У мінулым годзе было створана 6 новых прафсаюзных пярвічак, ужо ў годзе бягучым вядзецца арганізацыйная работа яшчэ ў трох арганізацыях раёна. У той жа час дзве пярвічкі былі рэарганізаваны, яшчэ адна знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

Як стала вядома, у годзе мінулым праведзена 361 наведванне арганізацый, падчас якіх праводзіўся маніторынг выплаты заробка, умоў працы работнікаў, захавання тэмпературнага рэжыму і іншага.

Дарэчы, у нашым раёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння заключэння кароткатэрміновых кантрактаў. У якасці станоўчага прыклада  выступоўца прывяла аўтапарк №21, дзе на лістапад было яшчэ 98% кароткатэрміновых кантрактаў, а ўжо на канец 2018 года з 11 работнікамі заключаны кантракты на тры гады.

У прафсаюзных арганізацыях раёна працуюць 324 грамадскія інспектары, якія ажыццяўляюць штодзённы і штомесячны кантроль аховы працы. Але нягледзячы на гэта, у раёне за мінулы год адбылося два выпадкі траўматызму з цяжкім зыходам. У сувязі з гэтым Святлана Міхайлаўна лічыць, што варта перагледзець формы і метады арганізацыі растлумачальнай работы ў працоўных калектывах і актывізаваць дзейнасць грамадскіх інспектараў на месцах.

Звярнула ўвагу ў сваім выступленні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў і на асобныя фінансавыя моманты, стандарт прафсаюзнага бюджэту, якога неабходна абавязкова прытрымлівацца і выконваць яго нормы.

– У калектыўныя дагаворы арганізацый і прадпрыемстваў уключаны меры па сацыяльнай абароне і падтрымцы моладзі, ветэранаў. Нашы прафлідары адсочваюць іх выкананне, – зазначыла выступаючая. – Але на сённяшні дзень не ва ўсіх пярвічных арганізацыях пастаўлены на прафулік ветэраны працы. У тым ліку і ветэраны АПК.

Завяршаючы выступленне, Святлана Дзенісенка нагадала, што ў прафарганізацыях стартавала справаздачна-выбарная кампанія, і запатрабавала аднесціся да гэтай работы з усёй адказнасцю. Бо сёння працоўным калектывам не абыякава, хто будзе абраны прафсаюзным лідарам на месцах, захоўваючы высокую планку прафесіяналізму і адказнасці.

Далей былі заслуханы выступленні: Вольгі Івановай, якая спынілася на пытаннях занятасці, аховы працы, выплаты заработнай платы; Алены Салдаценка, якая распавяла аб рабоце маладзёжнага Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў за 2018 год; Ірыны Грамыка, старшыні пярвічнай арганізацыі ДУА “Яслі-сад №3 г. Слаўгарада”, якая таксама падзялілася вопытам работы і сваімі напрацоўкамі.

Святлана Дзенісенка азнаёміла калег з планам асноўных мерапрыемстваў аб’яднання на 2019 год, пасля чаго ён быў зацверджаны. Затым выступоўца перайшла да пытання правядзення справаздачна-выбарнай кампаніі ў прафсаюзных арганізацыях. У яго абмеркаванні прынялі ўдзел члены прэзідыума Валянціна Шэргілашвілі і Ірына Ліпчанка.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Святлана Міхайлаўна адзначыла, што ў 2019 годзе ўсіх чакае напружаная праца і праверка на прафесіяналізм. Яна пажадала прайсці гэты шлях годна і быць запатрабаванымі ў сваёй дзейнасці.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться